Акцыі салідарнасці ў Менску


Шэсці і супольныя малітвы, кранаўшчыкі і праграмісты, жанчыны і… коцікі. Менск сёння працягваў ладзіць акцыі салідарнасці.

Ініцыятыва «Girl Power Belarus» зладзіла ланцуг салідарнасці на праспекце Пераможцаў ля стэлы. Жанчыны прысвяцілі сённяшнюю акцыю перамозе над фашызмам.

«Калі вы паглядзіце 14 прыкметаў фашысцкай дзяржавы, то 13 гачакаў мы можам спакойна паставіць. Мы павінны не дапусціць гэтага фашызму яшчэ раз у нашай краіне», – кажа ўдзельніца акцыі Ірына Сухій.

«Нават у тых вёсках, дзе бабулі сам-насам з тэлевізарам, усё адно ведаюць, якія жахі адбываліся 9–12 жніўня. Мы ходзім штодня нагадваць людзям, што гэта не павінна быць забытым», – кажа ўдзельніца акцыі Ксенія.

З праспекту Пераможцаў кабеты прайшлі шэсцем праз цэнтр гораду да плошчы Перамогі. Яшчэ адзін ланцуг салідарнасці – з коцікаў – выстраілі беларускія дызайнеры ля Міністэрства інфармацыі, каб падтрымаць незалежныя медыі.

«Падтрымліваць журналістаў, якія працуюць штодня і рызыкуюць жыццём, каб іншыя даведваліся праўду ў краіне, дзе не ўлічваецца свабода слова, не лічыцца важнаю праца журналіста», – кажа ўдзельніца акцыі Вера.

«Латок стаіць, які кажа пра тое, што коціку патрэбны чысты латок, як людзям патрэбная праўдзівая інфармацыя. Нам важна неяк уплываць на думкі людзей, якія ходзяць, глядзяць на нас. Магчыма, яны зойдуць на гэтыя сайты, будуць іх падтрымліваць і чытаць», – кажа ўдзельніца акцыі Кетэван.

На вуліцу выйшлі не толькі коцікі. Чалавек у касцюме вядомага інтэрнэт-мэмупачакуна – пераследаваў міліцыянта, якога выклікалі жыхары жыллёвага комплексу «Каскад». Бел-чырвона-белыя сцягі, што луналі паміж будынкамі, былі знятыя невядомымі людзьмі з альпінісцкім рыштункам. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што, лазячы па будынках, каб зняць сцягі, невядомыя пашкодзілі злівы. Ля ратушы ладзяцца міжканфесійныя малітоўныя акцыі на падтрыманне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады не пускаюць на радзіму з Польшчы.

«Заступнікам Таддэвуша Кандрусевіча з’яўляецца Арханёл Міхаіл. І вось праваслаўны Андрэй Строцаў намаляваў такую адмысловую выяву, тут напісана «праваслаўныя разам з Тадэвушам Кандрусевічам». Мы паказваем гэтым салідарнасць з пастарам царквы каталіцкай», – распавядае праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Далучыўшыся да ўжо звольненых калегаў, на знак салідарнасці са звольненым кіраўніком Паўлам Латушкам, з Купалаўскага тэатру сышлі яшчэ шасцёра актораў, сярод якіх – народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Аляксандр Падабед. У трупе цяпер засталіся 15 чалавек, а тэатр адмяніў усе спектаклі да канца лістапада.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»