Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўдарыць па грошах сям‘і Лукашэнка


Сенат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі.

Гэта вялікі пакет заканадаўчых дакументаў, які пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта Злучаных Штатаў у справе ўвядзення новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі ды пацвярджае падтрыманне з боку ЗША беларускаму народу.

Сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

Прымаючы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, Кангрэс ЗША прызнае, што адважны народ Беларусі змагаецца супраць фальсіфікацыі выбараў, а таксама за сваю незалежнасць, заявіў аўтар закону – кангрэсмен Крыс Сміт.

Цяпер акт пайшоў на подпіс прэзідэнту Трампу, а потым Лукашэнка будзе непрызнаным і нелегітымным кіраўніком Беларусі на заканадаўчым узроўні ЗША.

«Беларусы ЗША. Вялікі вам дзякуй за дапамогу ў працы над перавыданнем Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які дазволіць атрымаць дапамогу для мірнага народу і пашырыць санкцыі для пасобнікаў рэжыму», – так Святлана Ціханоўская падзякавала сёння беларускай дыяспары ў розных краінах свету.

Як тлумачаць у штабе Святланы Ціханоўскай, прыняты Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўзмацняе амерыканскую дапамогу грамадзянскай супольнасці ды ўзмацняе санкцыі супраць рэжыму і ўсіх датычных да масавых рэпрэсіяў ды катаванняў. Сярод іншага, амерыканскія следчыя органы будуць шукаць і замарожваць грошы сям’і Лукашэнкі па ўсім свеце.

«Калі будуць высветленыя нейкія шэрыя схемы, якія беларускі рэжым выкарыстоўвае для свайго падтрымання сваёй эканамічнай базы, і задзейнічае інтарэсы не толькі Лукашэнкі і яго сям’і, але і прадпрымальніках, якія ўдзельнічаюць у такога кшталту схемах», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

«У законе прадугледжваецца таксама стварэнне офісу каардынацыі санкцыяў у Дзярждэпартаменце ЗША. Адпаведна Акту плануецца стварэнне агульнай стратэгіі з краінамі Еўразвязу, Вялікай Брытаніі і Канады па ўзмацненню ціску на ўлады Беларусі, каб развязаць выбары і правесці новыя выбары. Санкцыі – гэта адказ на грубы і жорсткі гвалт супраць беларусаў з боку рэжыму. Сыход Лукашэнкі – раўно спыненне санкцыяў», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

А ў адказ на ранейшыя санкцыі Еўразвязу Уладзімір Макей, у апараце Лукашэнкі адказны за дыпламатыю, сёння абвесціў пра свае санкцыі: забарону на ўезд у Беларусь і Расею для шэрагу еўрапейскіх афіцыйных асобаў, абмежаванні дзейнасці ў Беларусі палітычных фондаў, а таксама шэрагу гуманітарных, адукацыйных і культурных праграмаў.

У тым жа ключы ідзе і новая крымінальная справа ад Генпракуратуры – аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім. Падазраваныя – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Павел Латушка ды іншыя чальцы Каардынацыйнай рады транзіту ўлады: яны нібыта спрабавалі захапіць уладу.

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Тых людзей ужо ўсё роўна няма сэнсу пужаць, яны і так у большасці не ў Беларусі. Гэта кшталту каб зачыніць магчымасць вяртання».

«Гэта няправільна і несправядліва. Яны нічога такога не зрабілі, каб іх так судзіць».

«Узурпатар робіць, што хоча. Ні Канстытуцыя, ні закон не дзейнічаюць. Ён узброіў свайго сына – за гэта палагаецца 7 гадоў адсідкі. Паводле Канстытуцыі грамадзяне маюць права на мірныя пратэсты – разганяюць палкамі».

Новы артыкул супраць чальцоў Каардынацыйнай рады такі ж беспадстаўны, як і папярэдні – аб закліках да шкоды нацыянальнай бяспецы, кажа Андрэй Ягораў. Рада заўжды была перамоўнай пляцоўкай і захоўвала дыстанцыю ад самаарганізаваных мірных пратэстаў.

«Гэта стратэгія запужвання не толькі ягоных сябраў, але і ўсіх астатніх. Вось глядзіце: яны выйшлі наперад, а мы іх ціснем, і тое самае будзе з вамі, пачакайце, дабярэмся і да вас», – тлумачыць адмысловец логіку дзеянняў рэжыму.

Таксама сярод падазраваных – Аляксей Лявончык, сузаснавальнік ініцыятывы «BY_help», якая збірае ахвяраванні для беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu