Акадэмія Навук стварыла мабільнае прыкладанне аб маршруце слядамі БНР у Менску


Набіраем «БНР100» у пошуку «Google Play» і спампоўваем дастасаванне на смартфон. Аўдыягід вядзе нас па цэнтры Менску, распавядаючы пра падзеі пачатку стагоддзя на беларускай і англійскай мовах. Знакавыя дамы – на архіўных фота. Напрыклад, Тэатр Янкі Купалы, менавіта тут адбываўся Першы Усебеларускі з’езд. Або будынак Ураду БНР насупраць плошчы Свабоды.

Некаторыя адрасы БНР змяніліся да непазнавальнасці. Вось тут, дзе цяпер Нацыянальны банк, да вайны быў зусім іншы будынак, у ім месцілася друкарня Якава Грынблата, дзе друкавалі ўстаўныя граматы БНР.

Сёлета ў аўдыягід дадалі новы пункт – памятны камень у гонар братоў Луцкевічаў, што ўсталявалі ў Купалаўскім скверы. Юрась Гіцэвіч з Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі Акадэміі Навук кажа:

«Чаму гэта важны пункт? Бо без братоў Івана і Антона Луцкевічаў фактычна складана ўявіць абвяшчэнне БНР. Браты Луцкевічы заснавалі газеты «Наша Доля» і «Наша Ніва» ды фактычна стварылі вялікі асяродак беларушчыны на пачатку 20 стагоддзя».

І, вядома ж, усе дарогі вядуць на Валадарскага 9: тут месцілася Рада БНР, а 25 сакавіка 1918 года прынялі Трэцюю Устаўную грамату ды абвесцілі беларускую незалежнасць.

«І на моцы гэтага акту сёння Рэспубліка Беларусь працягвае сваё гістарычнае развіццё як незалежная дзяржава», – кажа гісторык Андрусь Унучак.

У важным для краіны доме сёння легендарная «Чабурэчная», якую штогод скаланаюць святкаванні ў Дзень Волі.

Аляксандра Дорская, belsat.eu