Ахвяры палітычных рэпрэсіяў – 2020


Два месяцы таму стрэламі ва ўпор быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі – удзельнік мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Менску. Пасля першай смерці афіцыйна зарэгістравалі гібель яшчэ чатырох удзельнікаў палітычных падзеяў. Сотні чалавек былі збітыя, параненыя і зняволеныя паводле крымінальных справаў, тысячы – затрыманыя. Улады працягваюць рэпрэсіі супраць грамадзянаў, толькі змяняючы іх форму.

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў тут – каля станцыі метро «Пушкінская». На месца пралітай крыві людзі прыносяць кветкі, якія ўлады стараюцца прыбіраць.

Аляксандра Тарайкоўскага забілі двума выстраламі з блізкай адлегласці на наступны дзень пасля галасавання. Напачатку ўлады заяўлялі, што ў ягоных руках спрацавала выбухоўка. І толькі 16 жніўня міністр унутраных спраў дапусціў, што Тарайкоўскі мог загінуць «ад нелегальнай зброі». У Аляксандра засталася трохгадовая дачка.

«Мы плачам штодня, дачка штодня ўзгадвае тату. Калі я забіраю яе з садка, то яна на мяне крыўдуе, што я прыйшла яе забіраць, а не тата. Партрэт Сашы намалявала мастачка з Лос-Анжэлеса. Я ня вешаю яго дома з-за дачкі, каб яе не траўмаваць. Усё вельмі свежае і калі яна ўзгадвае таму, то заўсёды плача. Таму я хачу павесіць гэты партрэт на працы», – дзеліцца пачуццямі Алена – жонка Аляксандра Тарайкоўскага.

Алена трымаецца на тым, што працягвае справу Аляксандра ў прыватным бізнесе і займаецца шыццём на машынцы, якую падарыў муж. Крымінальнай справы па факце забойства Следчы камітэт не распачаў.

Кірыл – аматар-раварыст і заўзятар велапрабегаў. 10 жніўня ехаў па вуліцы Даўгабродскай звычайным шляхам, калі амапаўцы схапілі яго, збілі ды кінулі ў сутарэнне міліцэйскага пастарунку. Толькі праз чатыры дні ён трапіў у шпіталь з страсеннем мазгоў і шматлікімі траўмамі.

«Атрымоўваецца – вось так я велік паклаў, а яны выскокваюць: на зямлю, мярзота, ляжаць. І па галаве, па тулаве – я разгублены, так і пацягнулі. Пра велік нічога ня ведаю – праз тыдзень знайшоў. Бесперапынная лаянка, пагрозы смерцю і што «мы будзем стаяць адзін за аднаго. Маўляў, вы там пару дзён паскачаце, і ўсё закончыцца, а мы будам стаяць за сваіх да канца. І будзем біць і забіваць – маўляў, мы маем на ўсё свабоду і можам рабіць што заўгодна», – узгадвае Кірыл – ахвяра гвалту.

Пасля міліцэйскага пастарунку памёр у шпіталі гомелец Аляксандр Віхор, ад стрэлу ў галаву загінуў берасцеец Генадзь Шутаў, павешанымі знайшлі жыхара Ваўкавыску Канстанціна Шышмакова і маладзечанца Мікіту Крыўцова. Толькі ў Следчы камітэт з заявамі аб катаваннях звярнуліся каля пяцісот пацярпелых, у сапраўднасці ж катаваных – больш у разы. Па гэтых фактах не распачатая ніводная крымінальная справа. Наадварот, пацярпелыя трапляюць пад рэпрэсіі паўторна.

«Шмат пацярпелых апынуліся ў шпіталі, былі сведкамі ў справе, а пасля ім змянялі статус на падазраваных. Або чалавек не меў ніякага статусу, яго апытваў следчы, і пазней высвятлялася, што супраць гэтага чалавека распачатая крымінальная справа «за ўдзел у масавых непарадках». І гэта не адзінкавы выпадак, а тэндэнцыя», – кажа старшыня грамадскай арганізацыі «Звяно» Таццяна Гацура-Яворская.

Адмыслоўцы таксама заяўляюць, што рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў улады ня зменшылі ды не змякчылі, але праводзіць новымі спосабамі. Гэтак, ціск адбываецца на пэўныя грамадска-палітычныя групы: блогераў, журналістаў, праваабаронцаў, студэнтаў, дактароў, спартоўцаў ды іншых.

«Усе працэсы ў грамадстве мусяць ісці мірнымі шляхамі, без гвалту, і ўсе бакі павінны ўстрымацца ад гвалту. Гэта можа адбывацца толькі ў атмасферы дыялогу і адсутнасці страху ў грамадстве. Але дзяржава насаджае атмасферу страху», – паведамляе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», пасля 9 жніўня затрымалі каля 13 тысячаў чалавек, больш за тысячу – трапілі ў шпіталь, 280 асобаў зазналі крымінальныя пераслед. Палітычнымі вязнямі беларускія праваабаронцы называюць 77 асобаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»