Аб'ектыў 15.02.2018 Ахвяра ці правапарушальнік: Лябедзька тлумачыць, чаму год ездзіў без правоў


Вайна і спланаваная кампанія па дыскрэдытацыі – менавіта гэтак ацэньвае свае дачыненні з сілавікамі апошнім часам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Нязначнае правапарушэнне, здзейсненае палітыкам амаль тыдзень таму, не толькі раздзьмухваецца дагэтуль міліцыянтамі і дзяржаўнымі СМІ, але і выклікае пытанні, што да законнасці дзеянняў ужо з боку сілавікоў.

Той выпадак, калі адно парушэнне закону можа быць справакаванае іншым. Яшчэ 9 лютага старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў затрыманы ў Жабінцы, што на Берасцейшчыне, за кіраванне аўтамабілем без правоў. 12 лютага мясцовы суд распачаў працэс супраць палітыка. Пры гэтым сваёй віны апошні не адмаўляе, але ўдакладняе, што быў фактычна змушаны да правапарушэння.

«Тэрмін дзеяння іх скончыўся. Я пайшоў за паперкай, прайшоў камісію, але мне сказалі: «Мы не можам Вам выдаць!» – таму што ў 2016-м годзе быў гэты эпізод, калі я страціў прытомнасць. Разам з гэтым, калі я сказаў: маўляў, ну а калі б я не прыйшоў за гэтай паперкай, і што? – «Ну нічога, ездзілі б далей», – кажа лідар АГП.

Уласна пра інцыдэнт, які адбыўся яшчэ летась 6 траўня, стала вядома толькі цяпер – пасля публікацыі Галоўным упраўленнем унутраных справаў Менгарвыканкаму відэа пад загалоўкам «Працаўнікі менскага АМАПу ратуюць А. Лябедзьку».

«Праваахоўным органам, калі б яны заставаліся ў межах закону, варта было б заставацца на пазіцыі, што ён парушае, у яго няма правоў – і кропка. Тут жа мы бачым парушэнне нормы пра нераспаўсюд звестак пра здароўе грамадзяніна. І гэта не можа быць патлумачанае аніякім чынам – ані інтарэсамі грамадства, анічога падобнага», – адзначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

У адрозненне ад міліцыі і шэрагу медыяў, якія парушылі сваймі дзеяннямі і прававыя, і этычныя нормы, «Белсат» публікуе гэтыя кадры з папярэдняй рэтушшу і, галоўнае, з асабістага дазволу апазіцыйнага палітыка.

«Якая мэта? Відаць, з гэтага трэба пачаць, чаму правы, гэтае відэа… Тут мы, відаць, выйшлі на гэткую сітуацыю клінчу з сілавымі структурамі. Або папросту пастаўленая задача мяне расплюшчыць, дыскрэдытаваць максімальна», – кажа Анатоль Лябедзька.

Цікава, што прытомнасць Анатоль Лябедзька страціў як раз у момант, калі абмінаў купку амапаўцаў і асобаў у цывільным. Анічога падобнага раней з апазіцыянерам не здаралася, нічога надзвычайнага ў стане здароўя не выявілі і медычныя даследаванні, зробленыя на наступны дзень. Відэа, апублікаванае міліцыянтамі, моманту страты Лябедзькам прытомнасці таксама чамусьці не фіксуе. Палітык мяркуе, што мог патрапіць у воблака нейкага адмыслова распыленага перад ім прэпарату.

«Калі я паглядзеў гэтае відэа, у мяне таксама ўзнікаюць пытанні. Чаму гэта ўсё нагадвае нешта падрыхтаванае? Там былі людзі з камерамі, гэтая фіксацыя… І я цяпер разумею, што гэта, відаць, выкарыстоўвалася, калі зайшло пытанне ад выдаванні мне вось гэтай медычнай даведкі. Бо мне лекары ў кулуарах толькі развялі рукамі: маўляў, ну тут ужо ўмешваюцца зусім іншыя сілы!», – мяркуе Лябедзька.

Ці рэагаваць усё-ткі на незаконную публікацыю міліцыянтамі відэароліку, Лябедзька збіраецца пастанавіць пазней – пасля завяршэння выбарчай кампаніі. Дарэчы, уласна пасля пікету кандыдатаў у мясцовыя дэпутаты ў Берасці 9 лютага, якіх і прыехаў падтрымаць старшыня АГП, ён і быў затрыманы. Наступнае ж паседжанне суда над палітыкам прызначанае на 23 лютага.

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары