Аб'ектыў 12.03.2019 Агурок – па 7 рублёў. Інфляцыя беларускага рубля пабіла трохгадовыя рэкорды


Як так адбываецца: заробак той самы, а набыць за яго можна менш? Каб утрымаць інфляцыю ў межах плану на гэты год, урад Сяргея Румаса мусіць зрабіць яе амаль нулявой у кожны з наступных месяцаў. Наколькі гэта рэальная задача?

Зразумела, што не кожны дзень на стале чырвоная рыба ці паляндвіца. Але каб гурка не набыць! Зоркаю УКантакце зрабіўся грунтавы гурок за 30 рублёў, але ж цана на яго накруцілася праз транспартаванне з Баку… Удвая менш каштуе беларускі грунтавы адпаведнік, але і гэта – надзвычай дорага!

«Калі вельмі трэба, калі госці… Аднаго гурка набудзеш…»

«Дарагія, а пестыцыды там адныя і больш нічога».

«Будзем чакаць лета, яны тады смачнейшыя, гэтаксама як памідоры», – гавораць жыхары Магілёва.

Доўгія гуркі заўжды таннейшыя. У канцы года былі па 5 рублёў за кілаграм, цяпер – амаль па 7 рублёў. І гэта – адбітак афіцыйнай статыстыкі. Ад пачатку года інфляцыя вырасла на 2,2 %. То бок у 2 месяцы паказнік зрабіў палову закладзенага ў бюджэт плану! Каб выканаць гадавы прагноз, надалей рост коштаў не можа перавышаць 0,3 % на месяц.

«Здаражэнне харчоў звязана перадусім са здаражэннем паліва для Беларусі праз падатковы манеўр Расеі, а таксама праз сусветны індэкс кошту харчавання, які крыху падняўся сёлета», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Апроч ежы падаражэлі жыллёва-камунальныя паслугі. Заробкі засталіся на месцы. Мінпрацы індэксуе нашыя прыбыткі, калі інфляцыя перакрочвае 5-адсоткавы парог, ці калі расце прадуктыўнасць працы. У Мінэканомікі прызналіся – айчынны паказнік прадуктыўнасці ў пяць разоў адстае ад Еўрапейскага.

«Уплывае не толькі тое, што беларусы быццам кепска працуюць, ці што маем горшае абсталяванне. Яшчэ ёсць вялікі карупцыйны чыннік, які з’ядае частку рэсурсаў, якія ўкладаюцца ў вытворчасць прадукцыі», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

І ёсць ручное кіраванне, якое цалкам перавесці на рынкавае пакуль не ў стане і прэм’ер-міністр – фінансіст Сяргей Румас. Цэны на спажывецкі кошык стрымліваюць, а заробкі павышаюць планава – кажа эксперт.

«За 2 гады рост прыбыткаў быў вар’яцкі, вялізны – да 20 %. А ў гэты час эканоміка амаль не расла. Яна вырасла на 3 %. То бок грошай шмат, а тавараў не зрабілася больш. Зразумела, што неяк маюць збалансавацца цэны», – распавядае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Уплываць на рост цэн будуць страты праз падатковы манеўр Масквы, надалей будуць павялічвацца страты арганізацыяў і ў дадатак – маем прагноз на запавольванне сусветнай эканомікі. Таму цэны «збалансуюцца» не на карысць насельніцтва.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

У лютым «камуналка» для беларусаў стала даражэй на 10 %

Глядзі таксама
Каментары