Агульны душ і туалет на калідоры: каранцінная зона для кітайцаў пад Менскам


«Ковід-19» распаўсюджваецца ў новыя краіны, навукоўцы распрацоўваюць вакцыну, а медыкі ўсё лепш супрацьстаяць хваробе. На сёння афіцыйная колькасць інфікаваных – 96 888, загінула 3305 чалавек, але прапорцыя памерлых да ачунялых (53 638) значна меншая, чым на пачатку выбуху хваробы – 1 да 16.

Усё горш сітуацыя ў Іране, там ужо 107 загінулых. Улады ставяць блокпасты між галоўнымі гарадамі, зачыняюць усе школы і ўніверсітэты і адмяняюць усе спартовыя імпрэзы.

У Швейцарыі, дзе сёння зафіксавалі першую смерць ад каронавіруса, улады таксама забаранілі масавыя сходы – пакуль да 15 сакавіка. Пад пагрозай чэмпіянат свету па хакеі ў траўні. Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што не выключае пераносу чэмпіянату ў расейскія Сочы ці ў сталіцу Беларусі. Вось што думаюць пра ідэю Фазэля жыхары і госці Менску:

«Чым больш у Беларусі гульняў, тым лепш».

«Усе баяцца. Шкада, што адмянілі. Мала хто прыедзе, я думаю».

«Калі забараняць у плане каронавіруса, то забараняць. Значыць, там правільна прыдумалі».

«Не могуць яны прыняць – і не трэба, і нам таксама не трэба, бо яны могуць пазавозіць што хочаш».

Хакей – частка сістэмы дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі, і Аляксандр Лукашэнка прыклаў шмат намаганняў, каб арганізаваць чэмпіянат у наступным, 2021 годзе.

«Гэта будзе адзін з лепшых чэмпіянатаў свету. Я вам гэта цвёрда абяцаю», – усміхаўся Фазэлю Лукашэнка 20 студзеня ў Менску.

Але пазней Федэрацыя хакею Беларусі заявіла, што ў Менск чэмпіянат 2020 года пераносіць не будуць. У Беларусі зафіксавана 6 выпадкаў каронавіруса, усе пацыенты, паводле Міністэрства аховы здароўя, пачуваюцца здавальняюча. БНТУ, дзе вучыцца «нулявы пацыент» з Ірану, рыхтуецца вярнуцца да вочнага рэжыму працы ўжо на наступным тыдні, хоць сапраўднага каранціну там і не было. А так жывуць кітайскія студэнты з не пацярпелых раёнаў – на студэнцкай базе «Брыганціна» пад Радашковічамі, перапрафіляванай у каранцінную базу. Кітайскія студэнты па два тыдні жывуць тут – 4 асобы ў пакоі, з агульным душам і прыбіральняй. Шуай Лю – аспірант, піша дысертацыю, таму мае права жыць адзін.

«Калі мы прыляцелі ў аэрапорт, спачатку зрабілі аналіз, і адразу сюды прыехалі… Доктар агледзеў рот і нос, і глядзеў тэмпературу – калі тэмпература не высокая, то ўсё нармальна», – распавёў «Белсату» Шуай Лю аб пералёце з Кітаю.

Можна выйсці на балкон або пагуляць па сцежцы ў лесе, але толькі ў масцы – іх выдаюць раз на дзень. Масак у беларускіх аптэках проста няма, і цяпер «Беллёгпрам» будзе шыць іх 550 000 штодня. Улады заклікаюць грамадзянаў захоўваць спакой і мыць рукі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»