Агульны аб'ём складскіх запасаў у Беларусі – сума каля 4 млрд рублёў


Пазітыў ад айчыннага статыстычнага камітэту – чысты прыбытак усіх прамысловых прадпрыемстваў вырас больш як у паўтара разу – да амаль трох мільярдаў рублёў. Рэнтабельнасць жа за студзень-верасень у параўнанні з адпаведным перыядам летась вырасла на 1,5 %. Аднак, іншыя лічбы, якія ўтрымлівае бюлетэнь Белстату аб сацыяльна-эканамічным стане краіны, паказваюць глыбіню крызісу. Сярод іх – рост складскіх запасаў, запазычанасці і страты.

Тэмп запаволіўся, але адмоўная дынаміка захавалася. Беларуская прамысловасць працягвае нарошчваць складскія запасы. Хоць колькі гадоў таму гэтае пытанне было ўзятае на кантроль на найвышэйшым узроўні.

«Мяне турбуе сітуацыя з рэшткамі на складах. Яна, па-мойму, па некаторых прадпрыемствах недапушчальная. Хоць яны і кажуць, што гэта там сезонны характар, і гэтак далей, мы на гэта яшчэ паглядзім. Я ўзяў гэтыя пытанні на кантроль», – казаў Лукашэнка.

За кастрычнік сёлета склады папоўніліся не нашмат – прадукцыі прыбыло прыкладна на сто мільёнаў рублёў. Больш уражвае агульны абʼём запасаў – на суму каля чатырох мільярдаў рублёў. Гэта больш за 60 % ад агульнай сярэднемесячнай вытворчасці.

«Некаторыя ствараюць гэтыя запасы наўмысна, бо гэта спецыфіка іх дзейнасці. А некаторыя прадпрыемствы працягваюць працаваць на склад, бо на іх ціснуць савецкія стэрэатыпы, што галоўнае вырабіць, а з продажам ужо пытанне другаснае», – кажа эксперт Леанід Фрыдкін.

Што да даўгоў, то айчынная прамысловасць у гэтым пытанні абганяе ўсе іншыя віды эканамічнай дзейнасці.

Крэдыторская запазычанасць прадпрыемстваў складае17,5 мільярдаў рублёў – ці 40 % адсоткаў ад агульнай. Амаль кожны другі рубель у запазычанасці па крэдытах і займах прыпадае на прамысловасць. Такая ж сітуацыя ў запазычанасці дэбіторскай ды вонкавых крэдыторскай і дэбіторскай.

Між тым у праграмах дзяржаўнага ТБ насельніцтву даводзіцца, што цяпер айчынная прамысловасць на падʼёме.

«Чаго нельга было сказаць у 14-15 гадах. Гэта кажа пра тое, што нашыя прамыславікі не спалі, нашыя прамыславікі рыхтаваліся, нашыя прамыславікі стварылі канкурэнтаздольную прадукцыю, якая сёння карыстаецца попытам на рынку», – кажа міністр прамысловасці Віталій Воўк.

Аднак, выглядае, што ўсё ж такі айчынныя прамыславікі не дапрацавалі, бо больш за траціну стратных беларускіх арганізацыяў – гэта прамысловыя прадпрыемствы.

«Іх, напэўна, прасцей было б закрыць, чым рабіць нейкія захады па іх рэфармаванні. Бо вельмі часта яны робяць прадукцыю, якая ўжо састарэла і нікому ўжо не патрэбна. Альбо абсталяванне састарэла», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Самастойна развязаць праблему прадпрыемствы не могуць. Перадусім праз тое, што перад імі ставяцца ўзаемавыключальныя задачы. З аднаго боку змяншэнне стратнасці можна дасягнуць, напрыклад, скарачэннем працаўнікоў. З другога – гэта супярэчыць абяцанням кіраўніка краіны. На неабходныя кардынальныя рэформы, як паказвае практыка, улады не пойдуць.

Лола Бурыева belsat.eu