«Агульная дыктоўка-2020»: дыстанцыйная і дабрачынная


Амаль тры тысячы чалавек сёлета вырашылі праверыць сябе ў «Агульнай дыктоўцы». З-за пандэміі каронавіруса арганізатары правялі яе дыстанцыйна – праз трансляцыю на ютубе. Тэкст чытаў саліст магілёўскага гурта «Nizkiz» Аляксандр Ільін.

Сёлета дыктоўка не толькі дыстанцыйная, але і дабрачынная. За кожнага ўдзельніка арганізатары дашлюць пяць рублёў на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя, каб грошы маглі дапамагчы ў барацьбе з covid-19. Дадатковыя сродкі пералічаць за кожную працу, напісаную без памылак.

«Абралі тэкст Марыі Цітарчук. Гэта сучасная, даволі маладая пісьменніца з Горадні. Тэкст пра карані, пра традыцыі. На мой погляд, вельмі цікавы, сакавіты», – зазначае філолаг праекту «Агульная дыктоўка» Іна Хазеева.

«Гэта было зроблена за вельмі кароткі тэрмін. Таму што мы анансавалі дыктоўку толькі 18 траўня. І вырашылі ўсё зрабіць онлайн, праз YouTube. У нас ужо была такая спроба», – гаворыць менеджарка кампаніі «Лідскае піва» Надзея Звонік.

«Заўсёды ў нас было шмат пытанняў да таго, як дыктуе дыктанты нам настаўніца. Здавалася, што мы можам зрабіць гэта нашмат лепш. Але як паказала сёння практыка, гэта даволі складаная праца», – дзеліцца ўражаннямі саліст гурта «Nizkiz» Аляксандр Ільін.

Я пісаў дыктоўку ўпершыню са школьных часоў – з 2009 года. Зрабіў дзве памылкі – адну арфаграфічную і адну пунктуацыйную. За такое мая школьная настаўніца беларуская мовы, напэўна, паставіла б мне «васьмёрку». Ну, нядрэнна!

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»