Аб'ектыў 11.10.2019 Агульнанацыянальных вучэнняў на выпадак аварыі на БелАЭС не будзе


Профільныя арганізацыі паказалі, як рэагаваць у выпадку аварыі на Астравецкай АЭС. Тры сотні адмыслоўцаў адпрацоўвалі сцэнар на вачах у запрошаных журналістаў – з Узбекістану, Турцыі, Венгрыі, Польшчы, Літвы.

На станцыі – надзвычайнае становішча, і ўсе службы гатовыя рэагаваць. На Астравеччыне сёння гасілі ўмоўны пажар, наладжвалі ўмоўную няспраўнасць, эвакуявалі ўмоўных мясцовых жыхароў…

Пад наглядам Гарадзенскай абласной камісіі спраўджвалі сістэму аператыўнага апавяшчэння: Астравец інфармуе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, тое – камісію надзвычайных сітуацыяў пры Саўміне, адтуль тэлефануюць прэм’ер-міністру і кіраўніку дзяржавы. Далей – Сусветная ядравая асацыяцыя.

Валер Вашчанка, міністр надзвычайных сітуацыяў:

«Нягледзячы на тое, што запуску станцыі яшчэ не было, але людзі і сродкі падрыхтаваныя да любой сітуацыі. Тое самае мы паказалі і згодна з планам знешняй аварыі, дзе акумуляваліся сілы і сродкі ўсіх службаў: МНС, МУС, Памежнага камітэту, аховы здароўя».

Гэта будзе адзіная ў Беларусі вытворчасць, дзеля ліквідацыі аварыі на якой спатрэбілася б прыцягваць гэткую вялікую колькасць профільных міністэрстваў і ведамстваў.

Уладзімір Кухараў, віцэ-прэм’ер Беларусі:

«Мы сёння прайшлі планавыя мерапрыемствы, якія паказалі поўную гатовасць усіх сілаў. Усё гэта робіцца ў межах, узгодненых з МАГАТЭ, і строга паводле правілаў, якія нам прадпісваюцца. Вучэнні паказалі, што ўсе службы гатовыя ў выпадку ўзнікнення пазаштатных сітуацый прыняць усе захады дзеля ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі».

Напярэдадні вучэнняў ратавальнікі адрасна паінфармавалі ўсіх жыхароў наваколля – каб пазбегчы панікі сярод 183 асобаў з 8 вёсак. Як жа нам з вамі рэагаваць у выпадку радыяцыйнай небяспекі, службы не тлумачаць. Як да прыкладу, Літва, побач з усходняю мяжою якой паўстае АЭС, правяла агульнанацыянальныя 4-дзённыя вучэнні.

Жыхарам цэнтралізавана рассылалі паведамленні, як дзеяць, куды звяртацца і як абараніцца ад апраменьвання. Афіцыйная Вільня і група арганізацыяў з Еўропы ды Беларусі непакояцца, што Астравецкая АЭС не настолькі бяспечны, як кажуць у Менску, аб’ект.

«Былі рэкамендацыі еўрапейскіх рэгулятараў. Пасля стрэс-тэстаў, якія яны правялі, Беларусі далі рэкамендацыі, што неабходна палепшыць. Мы лічым, што гэта трэба зрабіць да запуску АЭС, а не ў працэсе, як цяпер плануюць», – каментуе Ірына Сухій, грамадскае абʼяднанне «Экадом».

Гаворка між іншага аб правядзенні сейсмічных тэстаў, усталявання фільтраў у сістэме вентыляцыі і дазіметраў – па перыметры АЭС… Шэраг захадаў маюць знізіць рызыкі забруджання наваколля. Гэтак званы нулявы замер радыяцыі (яе ўзровень да запуску АЭС) Беларусь ужо зрабіла. Далей…

«Завоз паліва плануецца ў гэтым годзе. І ўсе неабходныя мерапрыемствы па ім праводзяцца ў штатным рэжыме. Таму ўсе тэхналагічныя аперацыі выконваюцца», – тлумачыць міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Фізічны запуск рэактараў – ужо ў наступным годзе, пры гэтым першы энергаблок распачне даваць энергію ўжо ў студзені.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары