Аграном-эканаміст збірае сведчанні аб генацыдзе на Лепельшчыне


Наш наступны герой, жыхар Лепеля, больш за 30 год збірае лёсы рэпрэсаваных у Лепельскім раёне. На дадзены момант гэта дзясяткі драматычных гісторый, якія часта мелі развязку ў мясцовых Курапатах.

«Працяглы час я займаюся пошукам ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў…»

Спадар Анатоль чытае першыя свае публікацыі ў прэсе, датаваныя 80-мі гадамі мінулага стагоддзя. Іронія лёсу, але ў той час Анатоль Шуневіч, паводле адукацыі аграном-эканаміст, выкладаў у Адэскім інстытуце «Асновы навуковай арганізацыі сацыялістычнага спаборніцтва».

Анатоль Шуневіч, збіральнік лёсаў рэпрэсаваных у Лепелі:

«У вёску часта прыязджаў, бываў. І людзі гаварылі, што бацькоў нашых людзі пазабівалі ўсіх. Ні пакаяння, ні смутку. Як быццам бы людзей і не было. Крыўдна людзям было, таму я вырашыў сабраць хаця б з дзвюх вёсачак усе матэрыялы».

Урэшце Шуневіч сабраў гісторыі 67-мі рэпрэсаваных з трохсот жыхароў дзвюх вёсак – Барсукі і Валова Гара. У 30-я гады спіс, каго рэпрэсаваць, фармаваў старшыня калгасу. Яму званілі з раёну і вымагалі новых прозвішчаў, старшыня пераконваў, што няма каму працаваць – ці не ўсе здаровыя і дарослыя мужчыны былі пад пагрозаю высылкі. Некаторыя з іх не дажывалі да этапу, расстрэльвалі за гэтым будынкам у канаве. Валадар Шушкевіч, мясцовы краязнаўца:

«Дзе ад вайны была турма КДБ, у вайну была турма гестапа. І там немцы расстрэльвалі сваіх вязняў… Там, дзе ў 37-м расстрэльвалі мясцовае насельніцтва, у вайну партызанаў і антыфашыстаў».

Цяпер на гэтым месцы сярэдняя школа Лепелю. Памятны знак інфармуе толькі пра фашысцкія расстрэлы. Анатоль Шуневіч, збіральнік лёсаў рэпрэсаваных у Лепелі:

«Чаму я пішу, што генацыд на Лепельшчыне? Таму што вынішчалі карэнных жыхароў, ліцвінаў. Бо яны не былі палякамі, а проста каталіцкага веравызнання».

З гісторыямі сем’яў Будрэвічаў, Куноўскіх ды іншых рэпрэсаваных можна пазнаёміцца на адмысловай старонцы ў інтэрнэце – у блогу Анатоля Шуневіча на сайце lepel.by.

Алесь Залеўскі, belsat.eu