Агракомплекс «Дзяржынскі» – атрутнік пчолаў і людзей?


Смурод, мор рыбы і пчолаў, атручанне людзей – вынік дзейнасці аграпрамысловага комплексу «Дзяржынскі». Гэтак мяркуюць жыхары вёскі Куты Крупскага раёну на Меншчыне, што месціцца бліз прадпрыемства. Чыноўнікі ды экалагічныя службы разбірацца ў праблеме не спяшаюцца.

Экалагічная небяспека ў Крупскім раёне. Жыхары вёскі Куты, да якой усё бліжэй падбіраецца аграпрамысловы комплекс «Дзяржынскі», лічаць, што атрутныя адкіды вытворчасці трапляюць у рэчку Бобр. А гербіцыды, якімі апрацоўваюць палі «Дзяржынскага», паводле мясцовых жыхароў, небяспечныя для здароўя.

Аляксей Мігаль, які мае ў Кутах лецішча, лічыць, што праз такое апрацоўванне атруціўся:

«Выклікалі хуткую, у Крупкі завезлі, гадзіны тры трымалі, ногі адмовілі, я сам падняцца з ложку не мог».

Яшчэ больш на апрацоўванне палёў наракаюць пчаляры. Жыхар Кутоў Павел Фамін менавіта «Дзяржынскі» вінаваціць у гібелі 30 пчаліных сем’яў:

«У гэты перыяд адбывалася апрацоўванне палёў кукурузы гербіцыдам, мяне не папярэдзілі, не паведамілі, які ўжываецца гербіцыд. Калі давялося запатрабаваць, сказалі, што гербіцыд «Майстэрпаўэр». Я праверыў – ён мае другі клас небяспекі для пчолаў».

Вяскоўцы адзначаюць, што пра тэрміны апрацоўвання палёў іх своечасова не паведамляюць:

«Даведаўся, што было апрацоўванне, з газеты «Крупскі веснік», газета выйшла ў жніўні, і было абвешчана, што з 19 ліпеня праводзілася апрацоўванне», – распавядае Павел Фамін.

Прадстаўнікі ж аграгаспадаркі сцвярджаюць, што і гербіцыды адпавядаюць прынятым нормам, і тэрміны выкарыстоўвання не парушаюцца, але на пытанне, чаму людзей папярэдзілі толькі праз месяц, адказаць не могуць. Да таго ж, маўляў, атручанням людзей і пчолаў менавіта гербіцыдамі няма доказаў.

«У больніцу крупскую трапляюць людзі з насмаркам, і гэта звязваюць з тым, што ў нас на палі ўносяць хімікаты. Павінна быць прычынна-выніковая сувязь, калі пчолы загінулі – трэба адправіць іх на даследаванне і высветліць прычыну», – кажа юркансультант вытворчай пляцоўкі агракамбінату «Дзяржынскі» Уладзімір Гайдук.

Але здабыць доказы атручання пчолаў нялёгка. Пчаляр Мікалай Аксёненка тлумачыць:

«Мне ў лабараторыі кажуць: вы скажыце, якою атрутай яны тручаныя, і тады мы праверым, бо атрутаў шмат, і мы вызначыць не можам, якою атрутай яны атручаныя».

Не бачаць дапамогі жыхары Кутоў і ад экалагічнай службы. Эколаг, якога выклікалі, калі ў рэчку адбыўся выкід бруду, прыехаў толькі на другі дзень.

«Эколаг сказаў, што адказвае за гэтую рэчку, але дапамогі ад яго не будзе, бо гэта ўсё пустое, што нашыя словы пустыя», – распавядае жыхарка Кутоў Святлана Фаміна.

Крупская раённая пракуратура параіла жыхарам Кутоў звяртацца па кампенсацыю стратаў на самое прадпрыемства «Дзяржынскі» або ў суд. Вяскоўцы ўжо скіравалі заяву на аграпрамысловы комплекс.

Ірына Дарафейчук belsat.eu