Аб'ектыў 21.06.2017 Агляд спартовых падзеяў


Тэніс

Амаль год без практыкі – цяжкая ноша ў спорце ўвогуле і ў вялікім тэнісе – у прыватнасці. З пераможнага сэту распачала беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка сваё вяртанне ў вялікую гульню праз 11-ць месяцаў перапынку, звязанага з нараджэннем дзіцяці. На травяным турніры «Маллёрка Оўпэн» з прызавым фондам 226 тысячаў 750 долараў былая першая ракетка свету і двухразовая пераможца турніраў «Вялікага шлема» у драматычнай барацьбе за два дні адолела 74-ую ракетку планеты, 23-охгадовую Рысу Одзакі з Японіі, давяршыўшы ў сераду двубой, які напярэдадні быў перарваны праз наступленне цемры. Агульная перамога Азаранкі – 6:3, 4:6, 7:6.

«Было цяжка перарваць матч напрыканцы трэцяга сэту і ўжо праз некалькі гадзінаў узнавіць яго ў вялікім тэмпе. Я добра пачала матч, але потым стала стамляцца і дапускаць шмат памылак. Але я дакладна ведаю, над чым мне трэба. І добра, што гэты матч стаўся такім складаным. Гэта павінна дапамагчы мне ў далейшым».

У 1/8-й суперніцаю тэнісісткі з Беларусі станецца 19-цігадовая харватка Ана Конюх, якая сеяная пад сёмым нумарам.

Баскетбол

Дайшоўшы да чвэрцьфіналу чэмпіянату Еўропы па баскетболе ў 2011-ым, жаночая зборная Латвіі займала ў групавым турніры апошняе і перадапошняе месцы, калі плэй-оф ёй толькі трызніўся. Але зноў стаўся рэальнасцю. Латышкі ў 1/8-ай фіналу цяперашняга кантынентальнага першынства ў Чэхіі адолелі самую Сербію, якая ўсё яшчэ дзейная чэмпіёнка Еўропы, з лікам 75:70. 12 пунктаў нашыя паўночныя суседкі выгулялі ў першым перыядзе, але саступілі 10 у другой чвэрці. Трэцяя дзесяціхвілінка скончылася ўнічыю, і Латвія ладна накаціла на фінішы. Далей суперніцамі «бардова-белых» будуць іспанкі. Распачнецца раўнд 1/4-ай у чацвер двубоем Бельгія – Італія а 13:30. Затым згуляюць Турцыя і Грэцыя. А апошнімі 22-га чэрвеня высветляць стасункі Францыя і Славаччына.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ згубіў яшчэ два пункты і апусціўся на трэцяе месца ў турнірнай табліцы нацыянальнага чэмпіянату сярод камандаў найвышэйшай лігі. Чэмпіён не здолеў узяць брамы нязручнага суседа з жодзінскага «Тарпеда». Нічыя 0:0, і барысаўцаў абышло менскае «Дынама», якое ў 13-ым туры з буйным лікам 3:0 перагуляла на выездзе «Слуцк». А лідарства замацаваў «Шахцёр» з Салігорску, які мінімальна – 2:1 – перамог на сваім полі аўтсайдара – «Нафтан» з Наваполацку.

Глядзі таксама
Каментары