Агляд спартовых навінаў


Хакей: НХЛ

У НХЛ «Нэшвіл» на хатнім лёдзе перамог 4:1 «Пітсбург» у чацвёртым матчы фіналу Кубка Стэнлі ды зраўняў лік у серыі 2:2. Героем сустрэчы стаў фінскі брамнік гаспадароў Пэка Рыннэ, які адбіў 23 кідкі па сваёй браме і прапусціў толькі адную шайбу ад капітана «пінгвінаў» Сідні Кросбі.

Саступіўшы суперніку ў двух гасцявых сустрэчах, «Прэдатарз» змяніліся на хатняй арэне і двойчы ўпэўнена перагулялі «Пэнгўінз». Галоўны трэнер «Пітсбургу» Майк Саліван не хаваў свайго засмучэння пасля паразы, аднак адзначыў, што ягоная каманда выглядала на лёдзе лепш, чым два дні таму. Пяты матч серыі адбудзецца 9-га чэрвеня ў Пітсбургу.

Футбол

Клуб нямецкай Бундэслігі дортмундская «Барусія» афіцыйна абвесціў аб прызначэнні на пасаду галоўнага трэнера клубу Пэтэра Боса, з якім падпісаны кантракт да канца 2019-га года. У мінулым сезоне адмысловец кіраваў «Аяксам», з якім заняў другі радок у першынстве Галандыі і дакрочыў да фіналу Лігі Еўропы, дзе саступіў «Манчэстэр Юнайтэд».

Хакей

Сталічнае «Дынама», якое яшчэ не ўкамплектаванае гульцамі цалкам, хутка распачне рыхтаванне да новага сезону «КХЛ». А сёння стаў вядомы дакладны расклад матчаў на традыцыйным турніры «Кубак латвійскай чыгункі», які пройдзе напрыканцы лета. «Зубры» стартуюць 13-га жніўня супраць сваіх аднаклубнікаў з Рыгі, 14-га згуляюць з яраслаўскім «Лакаматывам», а скончаць выступ 16-га жніўня матчам з казанскім «АК Барсам», фінал запланаваны на наступны дзень.

Фота: Christopher Hanewinckel / USA Today Sports