Агляд спартовых навінаў


Хакей. Чэмпіянат свету

За два дні – два матчы. Менавіта такі графік быў у нашай нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі. Спачатку ў суперніках значыліся адныя з гаспадароў планетарнага першынства каманда Францыі. Матч выдаўся цікавы, напружаны, каманды паводле чаргі выходзілі наперад у ліку, аднак скончыўся ён не на карысць беларусаў.

А ўжо сёння каманда Дэйва Льюіса сустракалася са славенцамі, якія нас не пусцілі на Алімпіяду ў Пхёнчханг. Рэванш удаўся на славу, мы іх раскаталі 5:2 і тым самым славенцы страцілі месца ў элітным дывізіёне. У выніку ў нашай дружыны стала 4 балы, яна ўзнялася з апошняга радка турнірнай табліцы, змясціўшы туды Славенію. Беларусы скончаць сусветнае першынство ў аўторак двубоем з Нарвегіяй.

Хакей. НХЛ

У Нацыянальнай хакейнай лізе настала пара паўфінальных двубояў у барацьбе за Кубак Стэнлі. У галоўным матчы Заходняй канферэнцыі ў серыі да чатырох вікторыяў сышліся «Нэшвіл» і «Анагайм», а першы матч адбыўся на хатняй пляцоўцы «Дакс» «Хонда Цэнтр».

Звычайна ў плэй-оф каманды маюць больш-менш роўныя магчымасці адпачыць, аднак пасля заканчэння другога раўнду і супрацьстаяння з «Эдмантанам» «Анагайм» атрымаў менш як 48 гадзінаў на аднаўленне перад супрацьстаяннем з «Прэдатарз». Паглядзім, як гэта паўплывае на каманду далей, але ў першай сустрэчы «драпежнікі» на фоне гаспадароў сапраўды глядзеліся адпачылымі. Гаспадары на шостай хвіліне выйшлі наперад намаганнямі Якаба Сільфвэрбэрга, аднак затым шайбы Фошбэрга і Ўотсана зрабілі лік 2:1 на карысць гасцей. «Дакс» адгуляліся дзякуючы голу ЛІндгОльма, а кропку ў матчы ў оўвэртайме паставіў Джэймз Ніл, 3:2, перамога «Анагайму». Другая сустрэча серыі адбудзецца 15-га траўня таксама на лёдзе «Дакс».

Тэніс

Рафаэль Надаль – Новак Джокавіч, вось такая прывабная была афіша першага паўфінальнага матчу на турніры тэнісістаў прафесіяналаў, што падыходзіць да свайго заканчэння на грунтовых кортах Мадрыду. Гэта была ўжо 49-ая сустрэча паміж спартоўцамі, а іспанец чарговы раз пацвердзіў свой статус – караля «грунту».

Стартавы сэт даволі лёгка ў свой актыў паклаў пятая ракетка свету Надаль, які аддаў Джокавічу, другому ў сусветным рэйтынгу, толькі два геймы. Наступная партыя атрымалася больш упартая, але таксама засталася за Надалем – 6:4. За гадзіну і 38 хвілінаў, што працягвалася сустрэча, Надаль двойчы падаў навылет, дапусціў адну двайную памылку і зрабіў два брэйкі Лік у асабістых супрацьстаяннях стаў 26:23 на карысць серба.