Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Ладна пашанцавала зборнай Беларусі па тэнісе ў Кубку федэрацыі. Трапіўшы ў струмень удачы, яна скарысталася з таго, як сышліся зоркі і з першага ж у гісторыі выхаду ў сусветную групу неафіцыйнага каманднага чэмпіянату свету, адразу дакрочыла да фіналу.

Нідэрланды былі не найлепшыя, яшчэ больш кволыя прыехалі швейцаркі. Прымаючы быццам гучныя імёны, Беларусь па сутнасці прымала далёка не паўнавартасных паводле актуальнай формы вышэйшых у рэйтынгу суперніц. Настаўнік швейцарак не рызыкнуў нават выпусціць на адзіночны матч 20-цігадовую, але ўжо гучна заяўленаю Бэлінду Бэнчыч. І беларускі здзівілі тэнісны свет, выгуляўшы тры з чатырох адзіночных двубояў, што дало магчымасць застрахавацца перад парнаю сустрэчаю. Якая ў проціборстве з акурат Бэнчыч і самою Марцінаю Гінгіс была ўшчэнт прагуляная. Беларусь выйшла ў фінал. Суперніцы вызначаюцца ў процістаянні ЗША – Чэхія, дзе пасля першага дня – нічыя 1:1.

Хакей

Зборнай Беларусі не ўдалося паказаць, што выхадам у эліту сусветнага юніёрскага хакею з шайбаю яна гатовая да канкурэнтаздольнае барацьбы з сапраўды элітнымі камандамі планеты. Але з тым, каб упершыню з 2003-га года адстаяць месца ў найвышэйшым дывізіёне, яна дала рады.

Па выніках групавых турніраў славацкага першынства для 18-цігодак і Беларусь, і Латвія пунктаў не набралі, але ў нашых паўночных суседзяў была горшая розніца закінутых ды прапушчаных шайбаў. Беларусы выгулялі дзве дадатковыя сустрэчы з трох у латышоў даволі пераканальна – 2:0 і 3:1. А праз год на такім жа турніры, які пройдзе ў расейскіх Чэлябінску ды Магнітагорску, пастараюцца падняцца вышэй. Золата ж славацкага чэмпіянату разгульваюць дзейныя чэмпіён і бронзавы прызёр – Фінляндыя ды ЗША. Менавіта «зорна-паласатыя» юнакі – абсалютныя лідары ў колькасці перамогаў на планетарных форумах для гэтага ўзросту. У 18-ці мінулых чэмпіянатах, якія праводзяцца з 1999-га года, яны перамагалі роўна ў палове турніраў – 9 разоў.

Футбол

Салігорскі «Шахцёр» стаўся чацвёртаю камандаю ў сёлетнім сезоне чэмпіянату Беларусі па футболе, які ўзняўся на першае месца турнірнае табліцы найвышэйшае лігі. Але гарнякі пакуль адзіныя, хто ўзначаліў чэмпіянат аднаасобна.

Шмат чакалі ад матчу ў Салігорску, які наведала раскручанае, але пакуль беспераможнае берасцейскае «Дынама». І трэці выезд чэмпіянату берасцейцы правялі яшчэ горш, не зарабіўшы нават традыцыйнага для сябе пункта пасля трох нічыіх. Цяпер «захаднікі» ўвогуле нагулялі на буйную паразу 0: 3. «Шахцёр» набраў 10 пунктаў, на адзін болей за менскае «Дынама» і магілёўскі «Дняпро». Чацвёртае і пятае месца дзеляць гомельцы ды барысаўцы. У нядзелю каманда з гораду над Сажом перамагла ў Менску «Іслач» 1:0. У пятым туры, матчы якога прызначаныя на апошнія два дні красавіка, БАТЭ прыме «Шахцёр», менскае «Дынама» згуляе ў Гарадзеі, а «Дняпро» – у Жодзіне.