Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Сталічныя «Цмокі» правялі свой перадапошні сёлета матч на міжнароднай арэне і апошні на сваім паркеце. Калектыў Круцікава ў межах гульняў Адзінай лігі ВТБ прымаў клуб «Ніжні Ноўгарад». Гаспадары не пакінулі суперніку ніводнага шанцу нават наблізіцца да сябе ў ліку. «Цмокі» перамаглі ў трох з чатырох таймаў, а агульныя лічбы на табло – 77:52, разгром «Ноўгараду».

Футбол

Апошнім матчам трэцяга туру чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе значылася супрацьстаянне ў Берасці, дзе мясцовае «Дынама» прымала барысаўскі БАТЭ. Вынік гэтага супрацьстаяння вызначылі толькі два дакладныя ўдары, а выніковыя лічбы на табло – нічыя 1:1. Вашай увазе каментары паўабаронцы БАТЭ Яўгена Яблонскага, а таксама паўабаронцы «Дынама» Мікіты Букаткіна.

Хакей

Піцерскі «СКА» стаў уладальнікам Кубка Гагарына. Для гэтага ў фінальным двубоі Кантынентальнай хакейнай лігі дружыне Алега Знарка спатрэбілася правесці толькі пяць двубояў з сямі магчымых. Да сённяшняй пераможнай сустрэчы лік у супрацьстаянні з магнітагорскім «Металургам» быў 3:1 на карысць армейцаў, а пяты матч праходзіў на лёдзе «магніткі», што дазваляла гаспадарам спадзявацца на паспяховае яго заканчэнне. Напрыканцы трэцяга перыяду лічбы на табло былі 4:3 на карысць СКА, гаспадары замянілі брамніка шостым палявым гульцом і разлічвалі лік зраўняць. Аднак дапусцілі памылку пры ўкідванні ў чужой зоне, і Сяргей Плотнікаў закідваў шайбу без перашкодаў ужо ў пустую браму «Металурга». 5: 3, вікторыя СКА, і 4:1, перамога ў серыі. Армейцы заваявалі Кубак Гагарына другі раз у гісторыі, Алег Знарок стаў трохразовым яго ўладальнікам з рознымі клубамі.