Агляд спартовых навінаў 29.08.2016


Футбол

Трыма матчамі скончыўся 20-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе. Барысаўскі «БАТЭ» ўдома на тоненькага перамог абноўленую бабруйскую «Белшыну» 2:1. Лік адкрыў Сігневіч, потым яго падвоіў Радзівонаў, а намаганнямі Ясінскага госці здолелі толькі скараціць адставанне. Яшчэ два матчы скончыліся ўнічыю з аднолькавымі 1:1 – мірам разышліся «Слуцк» – «Дынама» (Менск) і «Нафтан» – «Шахцёр».

Хакей

Хакейная зборная Беларусі стала пераможцаю міжнароднага турніру «Кубак трох нацыяў», што прайшоў на «Менск-арэне». Спачатку дружына Дэйва Льюіса накаўтавала французаў 5:2, а затым мы ўжо былі мацнейшыя за немцаў 3:2. Гэтыя спаборніцтвы сталі апошнім правяраннем сілаў перад пачаткам алімпійскай кваліфікацыі. Яна адбудзецца на гэтым жа лёдзе з 1-га да 4-га верасня, дзе, апроч нас, за адзіную пуцёўку ў Пхёнчхан паспрачаюцца Польшча, Данія і Славенія.

Формула-1

Нямецкі пілот «Мерседэсу» НІка Росбэрґ стаўся пераможцам чарговага этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формулы-1» «Гран-пры Бельгіі». Трэцім фінішаваў ягоны партнёр па стайні Льюіс Гэмілтан, а паміж імі ўклініўся прадстаўнік «Рэд Булу» Дэньел Рык’Ярда. У агульным заліку па-ранейшаму першынствуе Гэмілтан, на 12 пунктаў ад яго адстае Росбэрґ. У Кубку канструктараў першая тройка наступная: «Мерседэс», «Рэд Бул», «Фэрары».

Футбол: «Бундэсліга»

«Баварыя», не надта напружваючыся, «адгрузіла» 6 мячоў «Вэрдэру» ў стартавым туры нямецкай «Бундэслігі». Мюнхенцы нават не заўважалі на полі свайго апанента, а галы забівалі на любы густ, прычым падзяліўшы пароўну: па тры ў кожным з таймаў. Палова з іх у актыве Робэрта Левандоўскага, які цалкам мог бы засмуціць Фэлікса Відвальда нашмат больш, аднак змарнаваў свае моманты. Яшчэ адзін хет-трык сабе ў актыў запісаў Томас Мюлер, які выканаў тры галявыя перадачы.

Фота – TUT.BY