Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Выбар матчаў трэцяга раўнду турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Маямі накіроўвае перш за ўсё на супрацьстаянне 20-ай сеянай – Анастасіі Сэваставай з Латвіі – ды трохразовай чэмпіёнкі гэтага турніру – беларускай грамадзянкі Вікторыі Азаранкі. Першы ў гісторыі спатканняў паміж гэтымі дзяўчатамі.

У апошні час латышка перабывае ў выдатнай форме. На папярэднім турніры ў Індыян-Ўэлзе дайшла да чацвёртага раўнду, дзе прагуляла Вінус Ўільямз, а тут, прапусціўшы першае кола, у другім атрымала салідную перамогу над францужанкаю Алізэ Карнэ – 7:5, 6:4. Ёй няма якія пункты абараняць, бо летась у Маямі яна выбыла з барацьбы ў першым жа раўндзе. Азаранка працягвае дэманстраваць пазітыўныя прыкметы ачуньвання ад праблемаў з былым мужам і доўгачаканага вяртання ў тур.

Гандбол

Максімальным дасягненнем у еўратурнірах чэмпіёна Беларусі па гандболе сярод мужчынскіх камандаў – Берасцейскага клубу імя Мяшкова – застаецца выхад у чвэрцьфінал трэцяга, паводле ранжыру на той час, Кубка ўладальнікаў кубкаў: выхад у чвэрцьфінал. І вось трэці сезон запар «мяшкоўцы» імкнуцца рушыць далей – прабіцца ў васьмёрку наймацнейшых ужо галоўнага еўракубка.

У браме харват Іван Пэшыч, на кутах ягоны суайчыннік Люба Вукіч ды беларус Дзяніс Рутэнка, паўсярэднімі расеец Аляксандр Шкурынскі ды беларус Сяргей Шыловіч, у лініі беларус Вячаслаў Шумак, разыграўцам – таксама наш Дзмітрый Нікуленкаў. Такая сямёрка распачала сённяшні першы матч 1/8-й фіналу Лігі чэмпіёнаў ЕГФ супраць французскага «Нанту», і Шкурынскі адкрыў лік. Пазней даводзіцца французаў крыху адпусціць наперад, кардынальна мяняецца склад і да 18-ай хвіліны на табло 8:8. На жаль, госці гораду над Бугам больш майстравітыя, учэпістыя, трапнейшыя, жвавейшыя пры абароне ды ў атаках. Яны перамаглі. Двубой у адказ у Нанце – 1 красавіка.