Агляд спартовых навінаў


 

Хакей

Такім чынам, моладзевая хакейная зборная Беларусі на чэмпіянаце свету ў Злучаных Штатах Амерыкі прыйшла да таго, да чаго і ішла: у гэтак званым рэлігейшн-раўндзе паспрабуе адстаяць месца ў элітным дывізіёне двубоямі супраць Даніі.

Па вялікім рахунку, падначаленыя Дацкага каралеўства больш моцныя на дарослым узроўні. Пазалетась у Расеі яны прабіліся нават у чвэрцьфінал. Але дружына дваццацігодак выглядае слабейшаю за беларускую. Дапускаючы, што скандынавы выступалі ў цяжэйшай групе з Канадаю ды ЗША, усё ж паразы 0:8 і 0:9 і агульная розніца шайбаў 2:26 красамоўна паказваюць канкурэнтаздольнасць каманды. І яна наўрад ці здолее рэзка ўзняцца. Беларусь прапусціла 20, але ж закінула 10. І, думаецца, у тым, што дружыне Юрыя Файкова ўдасца застацца ў кампаніі наймацнейшых і згуляць праз год на 43-м сусветным першынстве, якое 13-ы раз адбудзецца ў Канадзе, сумнявацца не даводзіцца. На гэтым жа турніры 2 студзеня акрамя двубою Данія – Беларусь пройдуць чвэрцьфіналы: Чэхія – Фінляндыя, Канада – Швейцарыя, Швецыя – Славаччына і гіт дня: ЗША – Расея.

Тэніс

З самага пачатку новага года беларускія тэнісісткі ствараюць добры гумор сваёй шматлікай арміі прыхільнікаў, якая стала яшчэ больш магутнаю пасля мінулага сезону. Аляксандра Сасновіч ды Арына Сабаленка адразу паддалі жарсцяў сваймі поспехамі далёка па-за межамі радзімы.

Сёння пяты раз паміж сабою згулялі Сасновіч і францужанка Крыстына Младэнавіч. Дагэтуль, з 2014 года, тэнісісткі выгульвалі па разе, спачатку ў двух сэтах, пазней у трох, і вось у аўстралійскім Брысбане Сасновіч упершыню выйшла ў процістаянні наперад, перагуляўшы 11-ю ракетку планеты 1:6, 6:3, 7:5. А далей, у 1/8 фіналу, – амаль аднагодка – Анэт Контавэйт з Эстоніі. Першая ракетка свету – румынка Сімона Халеп – гуляе ў кітайскім Шэньчжэні, дзе паспяхова стартавала, адолеўшы амерыканку Нікоўл Ґібс 6:4, 6:1. І праз раўнд можа сустрэцца з беларускаю Сабаленкай. У дэбютным коле Арына прайшла іншую моцную румынскую тэнісістку – Моніку НікулЕску – 6:4, 6:4. А заўтра варта будзе мінуць суперніцу з Чарнагорыі Данку Ковіныч.

 

Фота – Reuters