Агляд спартовых навінаў


Фінальным відам праграмы другога этапу Кубка свету па біятлоне, які прыняў аўстрыйскі Гохфільцэн, сталі класічныя эстафеты. Акурат, тыя старты, у якіх нам няма як спадзявацца нават на цуд.

І калі ў жаночай зборнай Беларусі не першы сезон стаіць праблема толькі стабільнага чацвёртага нумара, то ў мужчынскай зборнай не тое, што праблемаў, яе, быццам бы, самой няма. Не бачна на гарызонце. Сёння нашыя хлопцы афіцыйна ў пратаколе занялі апошняе – 26-е месца. І з чатырма штрафнымі коламі і 13-цю промахамі саступілі нават тым, хто бег дадатковыя 150 метраў і па шэсць, і па сем і, нават па 9 разоў. Перамагла Нарвегія, якой, нават, не спатрэбіўся лідар сезону Тар’ей Бё. У жаночай гонцы 4 па 6 кіламетраў першая Нямеччына, другая – Украіна, трэцяя Францыя. Беларусь нармальна размясцілася – на сёмым месцы. Не ўдалася стральба толькі Ірыне Крыўко на другім этапе, дзе яна зарабіла два штрафных колы. Трэці этап адновіць месцаперабыванне Кубка свету ўпершыню пасля 2013 года на адным з 15-ці найбуйнейшых альпійскіх куротртаў Францыі – Annecy – Le Grand-Bornand. Там адбудуцца спрынтарскія гонкі, пераслед ды масавыя старты.