Агляд спартовых навінаў 26.12.2016


Хакей

Хакейнае менскае «Дынама» у панядзелак, 26 снежня, другі раз у сваёй гісторыі стартуе ў прэстыжным швейцарскім Кубку Шпэнглера. Турнір у Давосе, які сёлета адзначае 90-годдзе, «зубры» распачнуць двубоем супраць каманды Канады, дзейнага ўладальніка трафею. Час спаткання – 22-я гадзіна 15 хвілінаў паводле нашага часу. Акрамя таго ў гэтай падгрупе – і дружына гаспадароў. Наўпрост у паўфінал выйдуць пераможцы аднаколавых турніраў з двух трыа, астатнія будуць дабірацца праз двубоі з супернікамі, што згуляюць у суседнім пуле. Там сабраліся: мінулагодні фіналіст – швейцарскі «Люгана», расейскі «Аўтамабіліст» з Екацярынбургу ды чэшскі Маўнтфілд» з Градэц-Краловэ. Сёння «Люгана» быў наймацнейшы за «Аўтамабіліст» з лікам 4:2. Турнір фінішуе 31 снежня.

Дарэчы, менчукі сёлета свой выступ у рэгулярным сезоне КХЛ скончыла пяціразоваю пераможнаю серыяй, дасягнуўшы трох скрайніх поспехаў на пляцоўках супернікаў, і наступны матч правядуць на «Менск-арэне» 3 студзеня супраць СКА, які ўсцяж пануе ў рэгулярным сезоне лігі пераканальным лідарствам не толькі ў Заходняй Канферэнцыі, але і ўва ўсім чэмпіянаце. Перагуляўшы «Нафтахімік» у Ніжнякамску ўсухую з лікам 4:0, СКА замацаваўся на чале табліцы. Паўночныя расейскія армейцы набралі 103 пункты, што на шэсць болей, чым у пераследніка – маскоўскага ЦСКА. Пры гэтым дружына пад кіраўніцтвам Алега Знарока правяла на дзве гульні менш за сталічных аднаклубнікаў. Леташнія ўладальнікі Кубка Гагарына правядуць у гэтым годзе яшчэ дзве сустрэчы. 27-га снежня выступяць у казанскім матчы супраць «Ак Барса», а 29-га – прымуць яраслаўскі «Лакаматыў». Абодва супернікі піцерцаў уваходзяць у топ-чатыры, адпаведна, Усходняй і Заходняй канферэнцыяў.

Уладзівастоцкі «Адмірал» пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Аляксандра Андрыеўскага ўсцяж чаргуе пераможныя матчы з няўдалымі ў рэгулярным сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. У панядзелак, 26 снежня, далёкаўсходнікі на сваёй арэне нечакана зазналі паразу ад хабараўскага «Амуру» з лікам 2: 3. Прычым «маракі» адкрылі лік, але наперад больш выйсці не здолелі. Цяпер яны апярэджваюць «тыграў» на цэлыя 11 пунктаў і трымаюцца на восьмай пазіцыі Усходняй канферэнцыі. У «Амуру» – толькі 12-е месца.

Футбол

18-ы тур англійскай футбольнай Прэмʼер-лігі стартаваў у панядзелак двубоем дружынаў з другой часткі турнірнае табліцы – «Ўотфарду» і «Крысталу Пэлас». «Гараджане» адкрылі лік на сваім полі на 21-й хвіліне з пенальці, але ўжо праз пяць хвілінаў госці з паўднёвага Лондану гэты мяч адквіталі ды дамагліся выязной нічыёй 1:1. Якая, праўда, нікуды пакуль не пасунула «крышталёвых» з 17-га месца. А вось «Ўотфарду» ўдалося ўзняцца на 10-е. Лонданскі «Арсенал» перагуляў «Ўэст Бромўіч Э́лбіян» 1:0, а лідар «Чэлсі» таксама на сваім полі быў пераканальны ў двубоі з «Борнмутам» 3:0.

Тэніс

У аўстралійскім Брысбане напачатку новага году згуляюць як удзельнікі Жаночай тэніснай асацыяцыі, гэтак і Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. У дзяўчат наверсе пасеву – леташняя фіналістка Анжэлік Кербэр з Нямеччыны. У студзені 2016 года першая ракетка свету была пасеяная тут пад чацвёртым нумарам і вырашальны двубой саступіла Вікторыі Азаранцы з Беларусі ў двух сэтах 3:6, 1:6. Таксама ў Брысбане чакаюць пятую і шостую ракетак планеты – Домініку Цыбулкаву са Славаччыны ды КАраліну Плішкаву з Чэхіі. А вось трэці ды чацвёрты нумары ў свеце – полька Агнешка Радваньска ды румынка Сімона Халеп – згуляюць гэтымі днямі ў Кітаі.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu