Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Пасля няўдалага ваяжу па Еўропе Берасцейскі гандбольны клуб вярнуўся дадому, каб нарэшце парадаваць сваіх заўзятараў у Лізе чэмпіёнаў ЕГФ праз поспех у двубоі са славенскім «Цэле Піваварня Лашка».

Ружовыя, як мара, славенцы прыехалі перамагаць, як зрабілі ў восьмым туры з «Кілем». Але і «мяшкоўцам» адступаць няма куды. Вось яны, цягаючыся з супернікам на роўных перад парадзелымі шэрагамі заўзятараў у першым тайме, нарасцілі моц у другой палове і атрымалі перамогу – 29:24. БГК набраў сем пунктаў і стаў на пазіцыю вышэй у табліцы – шостым, дзе пасля 10-га туру і застанецца. Папярэдняя дружына – польскі «ВІвэ» (Кельцэ), якая мае на пункт больш, сёння гуляе ў Вугоршчыне супраць «Вэспрэму».

Хакей

Менскае «Дынама» традыцыйна распачало чарговую выязную серыю ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі з паразы, як рабіла сёлета ў першых матчах на пляцоўках супернікаў тройчы з чатырох разоў.

А тым больш, снежаньскае падарожжа, паводле календара, трэба было распачынаць ва Уфе, якой і ў Менску прагулялі ў кастрычніку 2:4, і ў вочных процістаяннях з ёю мелі ў тры разы горшы паказнік набраных пунктаў. Сёння таксама саступілі дзве шайбы – 0:2. Тры галы прапусцілі ў другім перыядзе цягам дзвюх з паловаю хвілінаў. Дарма што трэцюю шайбу гаспадароў адмянілі з-за стану па-за гульнёю. Прагулялі менчукі яшчэ і свайму былому брамкару Бэну Скрывэнзу, які дамогся чацвёртага «сухога» матчу ў сезоне. «Зубры», падышоўшы да зоны плэй-оф на пяць пунктаў пасля трох хатніх перамогаў, зноў прытармазілі. А ў Хельсінкі «Ё́керыт» і СКА ўпершыню ў «рэгулярцы» КХЛ згулялі матч на адкрытым паветры з новым рэкордам наведвальнасці – больш як 17 з паловаю тысяч гледачоў на «Кайсаніемі Парк-Арэне». Чэмпіён перамог з лікам 4:3.