Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Нацыянальную мужчынскую зборную па баскетболе грамяць ужо другі раз запар. У межах адборачнага турніру да чэмпіянату свету – 2019 спачатку мы на выездзе саступілі дзейнаму чэмпіёну Старога свету, дружыне Славеніі, 74:87, а затым ужо на паркеце сталічнага Палацу спорту капітулявалі і перад Чарнагорыяй, 67:91.

Пачатак матчу быў адкладзены больш як на гадзіну з тэхнічных прычынаў. Падчас размінкі кошык чарнагорцаў зламаўся – на яго дужцы павіслі адразу двое прадстаўнікоў каманды гасцей. Запасны інвентар у Палацы спорту аказаўся для гульні непрыдатны. Тады пастанавілі неабходнае абсталяванне прывезці з «Менск-арэны». Самым выніковым у нашым складзе стаў Віталь Лютыч, у актыве якога – 18 балаў. З такімі вынікамі на старце адбору беларусам ужо наўрад ці можна разлічваць на паспяховае для сябе заканчэнне кваліфікацыі. У другім матчы нашай групы, дзе мы на апошнім радку, Іспанія перамагла Славенію 92:84.

Тэніс

Французская каманда стала ўладальніцаю Кубка Дэйвіса. У фінальным двубоі «трохкаляровыя» сустракаліся з бельгійцамі. Пасля першых дзён лік быў нічыйны, 2:2. У пятым вырашальным матчы перамогу сваёй камандзе прынёс Люка Пуй, які выгуляў у Стыва Дарсі 6:3, 6:1, 6:0.

Двубой працягваўся адну гадзіну 36 хвілінаў, а за гэты час Пуй зрабіў 7 эйсаў, столькі ж брэйкаў пры адной падвойнай памылцы. Францыя стала ўладальніцаю ганаровага трафею дзясяты раз у сваёй гісторыі ды першы – з 2001 года. Столькі ж перамог у Кубку Дэйвіса мае Вялікая Брытанія. Наперадзе – толькі Аўстралія (28 тытулаў) і ЗША (32 вікторыі). Бельгія ні разу не была найлепшай на самым прэстыжным камандным турніры мужчынаў, хоць ужо тройчы гуляла ў фінале. Нагадаю, што ў мінулым годзе трыумфатарам Кубка Дэйвіса стала зборная Аргентыны, якая ў пяці матчах нанесла паразу камандзе Харватыі.

Футбол

Італьянскі футбольны клуб «Мілан» мяняе галоўнага трэнера: з пасады звольнілі Вінчэнца Мантэллю, а кіраваць камандаю прызначылі Джэнара Гатуза. У сувязі з гэтым Гатуза, легендарны ў мінулым гулец каманды, пакідае моладзевы калектыў «расанэры», які ўзначальваў дагэтуль.

Мантэлля кіраваў «Міланам» з лета 2016-га года, а ў мінулым сезоне заняў шостае месца ў табліцы серыі А і атрымаў права выступіць у Лізе Еўропы. У выніку нягледзячы на гучную трансферную кампанію, Вінчэнца так і не здолеў выканаць задачы кіраўніцтва – замацавацца ў зоне Лігі чэмпіёнаў у турнірнай табліцы Серыі А. Сёлета італьянскі клуб пасля 14 тураў займае сёмае месца. Гатуза пачаў трэнерскую кар’еру ў 2013 годзе ў швейцарскім «Сьёне», адтуль перайшоў у італьянскі клуб «Палерма», таксама спецыяліст узначальваў грэцкі ОФІ ды італьянскую «Пізу».