Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Менскія баскетбольныя «Цмокі» правялі свой чарговы хатні двубой у межах гульняў Адзінай Лігі ВТБ, супернікам на гэты раз быў саратаўскі «Аўтадор». Лёс сустрэчы вырашыў кідок гасцей на апошніх секундах матчу, які дакладна трапіў у кош, а фінальная сірэна зафіксавала лічбы на табло 82:85 – параза дружыны Круцікава.

На працягу ўсёй сустрэчы нашыя баскетбалісты толькі даганялі. Аднак з першай чвэрці, якую «Цмокі» выгулялі 26:15, было відаць, што на паркеце сышліся прыкладна роўныя паводле ўзроўню клубы. У выніку за 12 секундаў да канца сустрэчы мы зраўнялі лік, які стаў нічыйны, 82:82. Аднак у апошняй атацы гасцей не здолелі заблакаваць трохпунктавы кідок, які ў выніку і прынёс перамогу «Аўтадору». Самым выніковым у складзе «Цмокаў» стаў Крыс Чэраповіч, які набраў 21 бал. У турнірнай табліцы банкаўскага турніру мы пакуль на шостым радку, а свой наступны двубой правядзём другога снежня ў Краснадары супраць «Лакаматыву-Кубані».

Тэніс

На выніковым турніры года Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, што праходзіць на закрытым хардзе ў Лондане, сталі вядомыя ўдзельнікі галоўнага старту. У першым паўфінале сышліся другая ракетка свету Роджэр Фэдэрэр і восьмы ў планетарным спісе ДавІд Гафэн.

Першы сэт даволі лёгка застаўся за швейцарцам – 6:2 і здавалася, што Фэдэрэр хутка давядзе і ўсю сустрэчу да перамогі. Аднак у другой партыі Гафэн актывізаваўся і пакінуў яе за сабою 6:3. У трэцім, вырашальным сэце Давід таксама дзеяў больш актыўна і перамог 6:4. Тым самым, бельгіец стаў першым гульцом з 2009-га года, які здолеў на выніковым турніры перамагчы першую і другую ракетак свету. На групавым этапе Гафэн быў мацнейшы за Рафаэля Надаля.

У іншым матчы 1/2-ой фіналу сустракаліся шосты ў спісе АТП Грыгор Дымітраў і Джэк Сок, які ў планетарным табелі аб рангах на дзявятым радку. Тут таксама для выяўлення пераможцы спатрэбілася згуляць тры сэты, а вікторыя была на баку балгарына 4:6, 6:0, 6:3. За адну гадзіну і 59 хвілінаў, што працягваўся матч, Дымітраў зрабіў 5 эйсаў, выканаў 5 брэйкаў і 5 разоў памыліўся пры падачы.

Хакей

У НХЛ чарговы тур змясціў у сабе шэраг матчаў, тры з якіх скончыліся ў оўвэртаймах, аднак гэтым разам булітных разборак не было. Адразу 9 шайбаў было закінута ў сустрэчы, у якой «Філадэльфія» прымала «Кэлгары».

У гэтай сустрэчы каманды па чарзе вялі ў ліку, а фінальная сірэна зафіксавала нічыйны вынік 4:4. А ўжо на другой хвіліне оўвэртайму перамогу «флэймз» прынёс дакладны кідок Міхаэля Фроліка. Таксама ў дадатковай пяціхвілінцы скончыліся і яшчэ дзве сустрэчы: «Атава» саступіла «Арызоне» 2:3, а «Ванкувэр» капітуляваў перад «Сэйнт-Луісам» 3:4. Супрацьстаянне паміж «Вашынгтонам» і «Мінэсотай» было на баку «кэпіталз» 3:1, аднак у гэтым двубой здарыўся і непрыемны інцыдэнт. Нападніку «Вашынгтону» Аляксандру Авечкіну наклалі восем швоў, бо шайба трапіла ў твар пасля кідка гульца «Мінэсоты» Крыса Ст’юарта. Авечкін быў вымушаны пакінуць лёд і застацца ў распранальні для аказання медычнай дапамогі. Пасля таго, як швы былі накладзеныя, Аляксандр вярнуўся ў строй у трэцім перыядзе і аддаў яшчэ галявую перадачу.