Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Сталі вядомыя ўдзельнікі паўфінальнай стадыі выніковага тэніснага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, што праходзіць на закрытым хардзе ў Лондане. Ад групы, якая носіць імя Барыса Бэкера, у ½ мы ўбачым Роджэра Фэдэрэра і Джэка Сока.

Хакей

Чарговы тур НХЛ складаўся з шэрагу матчаў, два з якіх завяршыліся ў дадатковы час і ў серыі булітаў. «Таронта» з футбольным лікам 1:0, дзякуючы дакладнаму кідку Вільяма Нюляндэра ў оўвэртайме, перамог «Нью-Джэрзі», а «Ўініпэг» у серыі пенальці здабыў вікторыю над «Філадэльфіяй».


Сталічнае «Юнацтва» з буйной перамогі стартавала ў трэцім раўндзе хакейнага Кантынентальнага кубка. На сваім лёдзе Міхаіл Захараў і кампанія паздзекаваліся з брытанскага клубу «Шэфілд» – 7:1. Акрамя гэтых дзвюх камандаў у групе «D» выступаюць яшчэ «Рунгстэд» з Даніі, а таксама латвійскі «Кур-бадс». Два найлепшыя калектывы з квартэту атрымаюць пуцёўкі ў Суперфінал.

Аўтагонкі

Рэйсэр «Хёндэ» Андрэас Мікельсэн закончыў першы дзень ралі Аўстраліі на лідарскай пазіцыі з перавагаю дваццаць секундаў над найбліжэйшым пераследнікам. Нарвежац максімальна скарыстаўся перавагаю дзявятай пазіцыі ў стартавым лісце і апярэдзіў усіх на пяці з васьмі спедацінкаў пятніцы.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Toby Melville / Reuters / Forum