Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Не ўтаймаваўшы свае гарачыя галовы, гандбалісты Берасцейскга гандбольнага клубу пацярпелі калючую, надта няёмкую паразу ў шостым туры Лігі чэмпіёнаў ЕГФ ад пераследніка – нямецкага «Кілю» – перад уласнымі заўзятарамі, саступіўшы 1 мяч: 24:25.

Пачыналі матч, паводле галоўнага трэнера Сяргея Бябешкі, з варыянтам абароны 5:1 і левым кутнім Сімонам Разгорам наперадзе, чаго даўненька не практыкавалі. Але эфекту ад адноснага наватарства хапіла толькі на чвэрць сустрэчы. А непадрыхтаванымі кідкамі ладна памаглі леташняму алімпійскаму чэмпіёну, дацкаму брамкару Ніклясу Ляндыну ў ягонай высачэзнай статыстыцы – 42 адсоткі адхіленых стрэлаў. Праз тыдзень у горадзе над Бугам гасцюе іншы нямецкі клуб –«Фленсбург».

Баскетбол

Няма калі перадыхнуць менскім «Цмокам»: супернік адзін за адным моцны і яшчэ мацнейшы. Казанскаму «Уніксу» у Адзінай лізе ВТБ прагулялі сёння ўсе чатыры перыяды і матч агулам – 65:91.

Госці, у адрозненне ад менчукоў, выйшлі бязмежна зараджанымі з бетанаванаю абаронаю, высакаякаснымі прэсінгам ды пазіцыйным нападзеннем, а вялікі адсотак выніковасці ў другой палове знішчыў гаспадароў і маральна, і фізічна. 8-га лістапада «Цмокам» гуляць з лідарам падгрупы Ф Кубка Еўропы ФІБА – «Проксімус Спіру» ў бельгійскім Шарлеруа.

Футбол

Лаканічны футбольны агляд пачнем, засведчыўшы перамогу менскага «Дынама» у хатняй гульні са «Слуцкам» – 2:0.

Перамогу менчукам прынеслі трапныя ўдары Дзмітрыя Хлёбаса на пятай хвіліне ды Антона Сарокі з пенальці на 79-й. «Дынама» усцяж адстае ад лідара – салігорскага «Шахцёра» – на тры пункты. Наперадзе – 2 туры. Усяго толькі два туры. У нямецкай Бундэслізе сустрэліся дортмундская «Барусія» ды «Баварыя». Поспех святкавалі мюнхенцы 3:1 і пасля 11-ці тураў лідаруюць з гандыкапам у чатыры пункты над пераследнікам «Ляйпцыгам».

Аляксандр Пуціла, «Белсат»