Агляд спартовых навінаў


Найвышэйшы вынік – у эстафеце

Сёмы, самы далёкаўсходні з дзевяці этапаў Кубка свету па біятлоне, фінішаваў у карэйскім Пхёнчханґу. Фінішаваў эстафетамі і перамогамі камандаў, за якія выступаюць дзейныя лідары Кубка планеты ў агульным заліку. Праўда, немка Ляўра Дальмаер сёння на дыстанцыю не выйшла, і таму абсалютнае першынство ў Карэі на сваю карысць запісаць не можа. Як і на нядаўнім чэмпіянаце планеты ў аўстрыйскім Гохфільцэне, дзе Ляўра выступала на ўсіх шасці дыстанцыях, але спрынт саступіла чэшцы Габрыеле Коўкалавай.

У нядзелю ніхто з першай тройкі – Нямеччына, Нарвегія, Чэхія – не абышоўся без штрафных колаў, але нямецкія дзяўчаты патрацілі менш дадатковых патронаў і беглі хутчэй. Беларусь без штрафных колаў і трапнай стральбою толькі ў Дарʼі Домрачавай фінішавала дзясятаю з 21-й зборнай. У мужчынаў сквапны да барацьбы Мартэн Фуркад выйшаў на эстафету, і хоць больш за сваіх партнёраў хібіў пры стральбе, фінішорам стаў адменным. Зрэшты, Аўстрыя прагуляла амаль 34 секунды. А Беларусь з двума штрафнымі коламі – больш за чатыры з паловаю хвіліны – і фінішавала 15-я. 8-мы этап, які замест расейскай Цюмені прыме Контыёлахці ў Фінляндыі, стартуе дзясятага сакавіка спрынтарскімі гонкамі мужчынаў і жанчын.