Агляд спартовых навінаў 23.12.2016

Хакей

Сталічнае «Дынама» завяршыла чарговае выязное турне па расейскіх гарадах у межах гульняў Кантынентальнай хакейнай лігі. Апошнім прыпынкам «зуброў» быў Омск, дзе адбылася сустрэча з мясцовым «Авангардам». У стартавым перыядзе была закінутая адна шайба, а яе аўтарам стаў наш Аляксандр Паўловіч. Гуляючы ў большасці, ён удала дзейнічаў на дабіванні пасля кідка ад сіняй лініі. У другім і трэцім перыядах узяццяў брамы не было зафіксавана, 1:0 пятая запар перамога «бела-блакітных», якія ўздымаюцца на 4-ты радок у табліцы. Наступны матч «Зубры» правядуць на сваім лёдзе пасля Новага года, калі 3-га снежня снежня прымуць лідара рэгуляркі КХЛ піцерскі СКА.

Допінг

Апублікаваная на пачатку месяца другая частка андыдопінгавай справаздачы Рычарда Маклэрэна пра ўжыванне спартоўцамі забароненых прэпаратаў у Расеі, працягвае прыносіць плён. Міжнародны саюз біятланістаў вырашыў пазбавіць Расею права праводзіць этап Кубка свету па біятлоне ў Цюмені і юніёрскае першынство свету. Такое рашэнне было прынятае на выканкаме гэтай арганізацыі. Таксама ў дачыненні 29-ці расейскіх лыжнікаў са стрэльбаю распачалося расследаванне, і мяркуецца, што магчыма будуць зноў правераныя ўсе допінг-пробы расейскіх спартоўцаў на Алімпіядах за апошнія 10 гадоў.

Хакей: чэмпіянат Беларусі

У чэмпіянаце краіны па хакеі ў групе А былі згуляныя чарговыя матчы. Больш за ўсіх шайбаў – 8 – было закінута ў сустрэчы ў Гомлі, дзе мясцовы клуб прымаў жлобінскі «Металург». Ужо пасля першага перыяду гаспадары зрабілі добрую заяўку на агульную перамогу, выгуляўшы гэты адцінак 3:1. Пасля перапынку госці так і не здолелі сабрацца і атрымалі за 40 хвілінаў яшчэ 3 шайбы. «Гомель» пакуль займае чацвёрты радок турнірнай табліцы, жлобінцы замыкаюць першую шасцёрку. Лідар першынства сталічная каманда «Юнацтва» не заўважыла ў гасцях суперніка ў выглядзе «Дынама» (Маладзечна) і разграміла апанента 6:1. З такім жа лікам гарадзенскі «Нёман», які размясціўся на другім радку, на сваёй пляцоўцы вынес салігорскі «Шахцёр», гарнякі замыкаюць тройку наймацнейшых.

Баскетбол

У рэгулярным чэмпіянаце баскетбольнай Еўралігі «Црвэна Звэзда» на сваім паркеце здолела даціснуць у асноўны час «Рэал». Гаспадары даволі актыўна пачалі дзеяць з самага пачатку двубою і паступова нарошчвалі адрыў ад суперніка. Сербскі клуб хоць і з невялікай перавагай, але выгуляў усе чвэрці, а каманда з Мадрыду мела шанец у канцоўцы дагнаць апанента, але не здолела ім скарыстацца. Самым выніковым у гэтым супрацьстаянні стаў шведскі форвард «»Рэалу» Джэфі Тэйлар, у актыве якога 25 балаў, два падборы, адна перадача і адзін перахват. Яшчэ ў адным двубоі туру расейскі УНІКС у выязным двубоі нанёс паразу літоўскаму «Жальгірысу» 88:80. Турнірную табліцу Еўралігі па-ранейшаму ачольвае маскоўскі ЦСКА, далей крочаць два іспанскія клубы »Рэал» і «Басконія».

Фота: hcdinamo.by

Глядзі таксама