Аб'ектыў 04.11.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

«Навучыце нас гуляць, як «Луч» – без залішняй ганарыстасці павінен сёння ўвасклікнуць нават чэмпіён БАТЭ, аддаўшы даніну павагі камандзе, якая распачынала сёлетні чэмпіянат Беларусі ў першай лізе з пасівам у мінус дзесяць пунктаў, але дала рады выгуляць турнір датэрмінова.

Выхадцы з самай вялікай аматарскай лігі сталіцы ўсцяж сумяшчалі, праўда ўжо трацінаю складу футбол з працаю, але пад правадырствам цяпер 32-х гадовага Івана Біёнчыка натхнёна прайшлі турнір у другім дывізіёне і за тур да заканчэння спаборніцтваў апынуліся на месцы наваполацкага «Нафтана» у найвышэйшай лізе. Каманда, якая зараз вымушаная праходзіць па дакументах як Таварыства з абмежаванай адказнасцю футбольны клуб «Прамень», каб не паўтарацца за абутковым цёзкам, мелася на менскім гадзіннікавым заводзе і ў чэмпіянаце БССР, і ў часы суверэннай Беларусі, але каб пры цяперашнім заняпадзе сабраць і так высока ўзняць калектыў – гэта, падаецца, на мяжы чалавечых магчымасцяў. Прэтэндэнтаў на вылет з найвышэйшай лігі зараз цэлых пяць, у тым ліку і некалі амбіцыйныя, з палючымі вачыма «Крумкачы», якія зараз сталіся сярэднімі шэрымі мышкамі без прагрэсу і амбіцыяў. Да заканчэння чэмпіянату ўсяго два туры.

Хакей

Цягам некалькіх тураў чарапавецкая «Северсталь» была на гарызонце менскага «Дынама» як арыенцір у зоне плэй-оф чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. А сёння ўрэшце «зубры» сышліся ў вочным супрацьстаянні з дружынаю з Валагодчыны.

Праўда, і «сталевары», правёўшы кастрычнік нервова то з серыяй з трох паразаў, то, раптам, з трыма запар поспехамі і зноў серыйнымі няўдачамі з тых жа трох запар паразаў, ужо выпалі з васьмёркі наймацнейшых Заходняй Канферэнцыі, маючы праўда, тую ж колькасць пунктаў, што і папярэднік – маскоўскі «Спартак». «Зубры» і «металургі», такім чынам, годныя адно аднаго, але сёння першымі традыцыйна прапусцілі менчукі. Да гэтага часу згуляла два перыяды і пакуль 0:1 застаецца.

Гандбол

І яшчэ напружання дадаў сёння Берасцейскі гандбольны клуб, мяч у мяч ішоўшы ў хатняй гульні Лігі чэмпіёнаў з нямецкім «Кілем». Вынік канчатковы не на карысць берасцейцаў – 24:25. Але нашыя берасцейскія калегі абяцалі да заўтра падрыхтаваць падрабязную справаздачу.

Аляксандр Пуціла

Глядзі таксама
Каментары