Агляд спартовых навінаў 22.12.2016


Меліціна Станюта сыходзіць

Зорка сусветнай гімнастыкі Меліціна Станюта вырашыла скончыць прафесійную кар’еру. Ужо на апошняй сваёй Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра беларуска не здолела трапіць на п’едэстал і заняла пяты радок. Пасля галоўнага спартовага форуму чатырохгоддзя яна ўзяла час абдумаць свой далейшы лёс і вось вынесла такі вердыкт. Ужо заўтра на традыцыйным турніры «Бэйбі Кап» у сталічным Палацы спорту 23-гадовая Станюта выйдзе на дыван з паказальным выступленнем.

Буйная параза «Цмокаў»

Менскія «Цмокі» зазналі першую паразу на другім групавым этапе баскетбольнага Кубка ФІБА. На выездзе калектыў Грышчука саступіў даволі шмат, 74:90, вугорскай камандзе «Кёрмэнд». Ужо ў першай чвэрці мы дапускалі нявымушаныя памылкі ды прагулялі яе з лікам 14:22. Пасля невялікага перапынку мы спрабавалі наладзіць дзеянні ў атацы, аднак гэтага не атрымалася: мы наагул набралі толькі дванаццаць пунктаў, у суперніка ж – 28. І, хоць астатнія дзве чвэрці мы перамаглі з мінімальным лікам, для агульнай вікторыі не хапіла. Самы выніковы ў нас стаў абаронца Дру Джонс, у актыве якога 18 балаў, сем перадачаў і пяць падбораў. Яшчэ ў адным матчы нашага квартэту французскі «Нантэр» разграміў ізраілські «Бнэй Гэрцлія», 73:55, і ўзначаліў групу, мы пакуль на другім радку.

Рэйтынг ФІФА

У абноўленым снежаньскім рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футболу, які яна агучыла сёння, нашая футбольная дружына становішча ў параўнанні з лістападаўскім спісам не змяніла і засталася на 74-ай пазіцыі. У сваім апошнім сёлета матчы беларусы саступілі Балгарыі 0:1 у межах кваліфікацыі да чэмпіянату свету–2018, займаюць у турнірнай табліцы пяты, перадапошні радок, апярэджваючы толькі Люксембург. Нашая каманда страціла ўсе шанцы трапіць на мундыяль, а галоўнага трэнера Аляксандра Хацкевіча за незадавальняльныя вынікі адправілі ў адстаўку. Асацыяцыя паабяцала, што спіс кандыдатаў на пасаду коўча падасць неўзабаве пасля новага года. У рэйтынгу ФІФА, у якім значацца 211 зборных, першая тройка наступная: Аргентына, Бразілія, Нямеччына.

«Шахцёр» выкупіў Лапцева

Клуб найвышэйшага дывізіёну футбольнага першынства Беларусі салігорскі «Шахцёр» выкупіў правы на Дзяніса Лапцева. Нападнік у мінулым сезоне выступаў за «гарнякоў» на правах арэнды, а валодала ім расейская каманда «Тосно». Цяпер афіцыйна трансфер форварда быў выкуплены «Шахцёрам», а кантракт з Лапцевым падпісаны на два гады. За «Шахцёр» у гэтым годзе ён правёў васямнаццаць матчаў ва ўсіх турнірах і забіў дзесяць галоў.

Хакей: НХЛ

Чарговы тур у Нацыянальнай хакейнай лізе быў рэпрэзентаваны двума матчамі, і ў абодвух закінулі па 5 шайбаў. «Вашынгтон» на выездзе вёў у хадзе сустрэчы з «Філадэльфіяй» 1:0 і 2:1, аднак не здолеў утрымаць перавагі ды зазнаў паразу толькі ў оўвэртайме – 2:3. Яшчэ адзін двубой паміж «Арызонаю», якая ў беспасярэдняй блізкасці ад дна турнірнай табліцы, і «Эдмантанам», які пакуль месціцца ў зоне плэй-оф, была характэрная тым, што «Ойлерз» не маглі перамагчы «Коёўтс» у асноўны час з сакавіка 2011-га года. Гэтым разам атрымалася – 3:2 вікторыя «Эдмантану».

Фота: Ройтэрз