Агляд спартовых навінаў 22.08.2016


Алімпіяда: баскетбол

Апошні камплект узнагародаў на Алімпіядзе ў Рыа аспрэчвалі баскетбалісты. У фінальным двубоі мужчынскага турніру сышліся зборныя ЗША і Сербіі. Амерыканцы прадказальна былі фаварытамі з самага пачатку, нават выступаючы тут не ў самым моцным складзе, аднак у вырашальным матчы барацьбы ўвогуле не атрымалася. Амерыканцы проста не заўважылі апанента і вынеслі сербаў з разгромным лікам 96:66. У матчы за бронзу Іспанія вырвала вікторыю ў Аўстраліі 89:88.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова заваяваў чарговы трафей, гэтым разам яму скарыўся Кубак «Белгазпрамбанку». У турніры, які праходзіў у горадзе над Бугам, акрамя «мяшкоўцаў» узялі ўдзел яшчэ тры каманды: польская «Вісла», французскі «Рэн» і македонскі «Вардар».

Футбол

Чатырма матчамі скончыўся 19-ты тур футбольнага першынства краіны. У своеасаблівым дэрбі ў Менску мірам – 1:1 – разышліся сталічнае «Дынама» і барысаўскі БАТЭ. Беларускае «класіка» заўжды чакаецца з вялікім нецярпеннем, не быў выключэннем і гэты двубой на стадыёне «Трактар». Нягледзячы на вялікі разрыў у турнірнай табліцы паміж гэтымі клубамі (а ён складае ўжо 17 балаў), прынцыповасць супрацьстаяння адчувалася як заўжды. Ужо на другой хвіліне лік адкрыў Шрамчанка, а аднавіць раўнавагу барысаўцы здолелі толькі на 64-ай хвіліне, калі вызначыўся Гардзяйчук. Далей БАТЭ ў чацвер чакае матч раўнду плэй-оф Лігі Еўропы. Тыдзень таму ў гасцях мы саступілі «Астане» 0:2. «Іслач» і «Віцебск» разышліся з нулямі на табло, аднак тут рэферы паказаў 8 жоўтых і адну чырвоную картку. Таксама нулявую нічыю распісалі «Шахцёр» і «Слуцк», а «Белшына» саступіла «Менску» 0:2.

Тэніс

Марын Чылыч стаўся трыумфатарам буйнога турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў серыі «Мастэрз» у Сінсінэці. У фінальным двубоі харват, 14-ая ракетка свету, нечакана нанёс паразу другому ў сусветным рэйтынгу, брытанцу Эндзі Мары, з лікам 6:4, 7:5. Гэты тытул зрабіўся для Чылыча 15-ым за карʼеру і прынёс яму тысячы рэйтынгавых пунктаў, а банкаўскі рахунак папоўніў на $ 834 тыс. прызавых.

Фота – rio2016.com