Агляд спартовых навінаў 21.04.2016


 Футбол

Наваполацкі «Нафтан» у двубоі з клубам БАТЭ (Барысаў) і жодзінскія тарпедаўцы-белазаўцы ў спатканні з клубам «Менск» на першай стадыі 1/2-й фіналу Кубка Беларусі па футболе згулялі ўнічыю, адпаведна 2:2 і 1:1. Матчы ў адказ запланаваныя на 4 траўня.

Хакей

У Нацыянальнай хакейнай лізе доўжыцца стартавы раўнд плэй-оф Кубка Стэнлі, і першы пераможца чвэрцьфіналу чакаўся ўжо сёння. Але «Уошынгтан Кэпіталз» адклалі пакуль на пару дзён вызначэнне сваёй канчатковай перавагі над «Філадэльфія Флаерз».

Алімпійскія гульні

Афіцыйны адлік часу да 31-х Алімпійскіх Гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ў гэтым годзе пачаўся ў чацвер, 21 красавіка, калі традыцыйна быў запалены факел на месцы старажытнай Алімпіяды ў грэцкім Пэлёпонэсе. Арганізатары вельмі спадзяюцца, што гэтая спартовая мегападзея адцягне ўвагу ад палітычнага і фінансавага крызісу ў Бразіліі.

Плаванне

У Берасце доўжыцца Адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні памяці былога галоўнага трэнера зборнай Аляксандра Каваленкі. Гэта перадапошні для нашых атлетаў адбор на ўдзел у Алімпійскіх Гульнях. Спаборніцтвы ўжо адзначыліся цэлым шэрагам рэкордаў краіны. Адзін з іх у мужчынскай камбінаванай эстафеце 4 па 100 метраў, якую плылі Мікіта Цмыг, Ілля Шымановіч, Павел Санковіч і Яўген Цуркін.