Агляд спартовых навінаў


ВАЛЕЙБОЛ

Сёння распачаўся 27-ты чэмпіянат Беларусі па валейболе ў найвышэйшай лізе сярод мужчынскіх камандаў і першы ж матч зʼявіўся адначасова дэбютнымі гульнямі на Суперкубак краіны, у якім дзейны чэмпіён – салігорскі «Шахцёр» – у Менску супрацьстаяў уладальніку нацыянальнага Кубка, экс-чэмпіёну, але самай тытулаванай камандзе – «Будаўніку».

«Жаданне было вялізнае перамагчы, можа быць гэта нават крыху і злы жарт з намі згуляла, што першы-другі сэт мы не маглі знайсці сваю гульню. Потым пераламілі, але ўсё роўна, шэраг сваіх памылак не дазволілі нам сёння перамагчы», – кажа галоўны трэнер «Шахцёру» Віктар Бекша.

«Сёння гульня нерваў была. Можа не было такой якасці, месцамі паказвалі добры валейбол, спадабалася гульня ў абароне ў «Шахцёра», нашая гульня на блоку, нядрэнна гулялі, асабліва напачатку, але, мы аказаліся больш стойкімі, не гублялі канцэнтрацыю», – галоўны трэнер “Будаўніка” Аляксандр Сінгаеўскі.

Ва ўпартае барацьбе перамога дасталася гаспадарам у чатырох партыях. У дуэлі, адпаведна, цяперашняга і былога трэнера нацыянальнай каманды пераважыў досвед Сінгаеўскага. У сярэдзіне першай партыі на падачы нападніка менчукоў Дзмітрыя Шоркіна ў салігорцаў згубіўся прыём, у нейкі момант госці апусцілі рукі, даўшы «Будаўніку», паводле Віктара Бекшы, паверыць у сябе і пайсці ў адрыў. Перамога сталічнай дружыны 3:1 (25:15, 25:23, 23:25, 25:18). «Будаўнік» стаў уладальнікам першага ў гісторыі беларускага валейболу Суперкубка. Паўторны матч – у нядзелю, хутка пасля апоўдня.

ТЭНІС

Добра натхнёная і матываваная гэтаю восенню румынка Сімона Халеп узяла пераканальны рэванш у Алены Астапенкі з Латвіі за паразу ў фінале сёлетняга Адкрытага чэмпіянату Францыі 6:2, 6:4 і, прабіўшыся ў фінал Адкрытага чэмпіянату Кітаю ў Пекіне, дасягнула магчымасці з панядзелка афіцыйна заняць першае месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

77-ем хвілінаў спатрэбілася Сімоне, каб адсунуць са шляху таленавітую латышскую тэнісістку, узяўшы лідарства ўва ўсіх асноўных статыстычных паказніках. Аддала суперніцы чатырохразовую «перавагу» (у двукоссі) толькі ў колькасці двайных памылак. Халеп стане першаю румынкаю і 25-фм гульцом у гісторыі на чале сусветнага спісу WTA. За свой другі тытул сёлета і 16-ты ў карʼеры румынка ў фінале Пекіну-2017 пазмагаецца ў нядзелю з 15-аю ракеткаю планеты – Каралін Гарсія з Францыі.

ХАКЕЙ

Неверагодна! Менскае «Дынама» пры жахлівым старце ў 10-ым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі з шасцю запар паразамі значна раней чымся летась дасягнула мяжы на тры перамогі запар, даязжаючы на выязны двубой з маскоўскімі аднаклубнікамі на метро.

І зноў перамога валявая. Прапусціўшы ў першым перыядзе, Яўген Кавыршын зраўняў лік на сярэдзіне другога, закінуўшы чацвёртую шайбу ў сезоне, а пераможны гол, дэбютны для яго ў сезоне, на рахунку іншага нападніка, 32-ух гадовага нарадзінца Наваполацку Арцёма Волкава. Пры гэтым галоўны трэнер клубу Гордзі Дўаер адзначыў усю тройку: Кітараў – Волкаў – Паўловіч, якая ў некалькіх апошніх двубоях прарабляе каласальную працу для нейтралізацыі ўдарных звёнаў суперніка. «Зубры» падцягнуліся да зоны плэй-оф, набраўшы тую ж колькасць пунктаў, што і ў восьмага на Захадзе «Віцязя». Зараз крыху адпачнуць і 11-га кастрычніка прымуць «Салават Юлаеў».

ФОРМУЛА-1

Льюіс Гэмілтан у такой бліскучай форме, што пасля надзвычайнага адступлення робіць два крокі наперад і пераканальна ідзе да вяртання сабе тытулу чэмпіёна свету па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1», трэцяга ў карʼеры.

Праўда, сёлета ён яшчэ не лідар у Кубку пілотаў, а да «Гран-Пры Японіі» падыходзіць паволі. Выгуляў другую практыку, не дацягваў да лідарства ў першай і трэцяй вольных сесіях. Але кваліфікацыю пакінуў сабе. Што важна на трасе «Судзукі», дзе, паводле адмыслоўцаў, пераганяць вельмі няпроста. Хоць за апошнія пяць гадоў тут у выніку перамагалі толькі два ўладальнікі поўлу. Вынікі ў суботу атрымаліся шчыльныя. Першая пяцёрка ўмясцілася ў тры дзясятыя. Следам за Гэмілтанам – ягоны партнёр з «Мерседэс» Ботас. Лідар сезону – немец Зэбастян Фэтэль – трэці.