Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Усе мы відавочна паспяшаліся паверыць у тое, што ўсё спрыяе, каб нашыя хлопцы перамаглі Швейцарыю на яе пляцоўцы ў плэй-оф Сусветнай групы Кубка Дэйвіса. Аднак амаль той жа склад швейцарцаў, разгромлены ў лютым дружынаю ЗША 5:0, выцягнуў валявую перамогу над Беларуссю 3:2 і кожны на наступны сезон застаўся пры сваіх.

Першым фіналістам сезону стала зборная Францыі, якая таксама ў валявым хатнім супрацьстаянні адолела Сербію 3:1. Бельгія білася з Аўстраліяй у Бруселі і таксама дасягнула поспеху 3:2. Гэткім чынам, у больш чым стогадовай гісторыі турніру ў фінале ўпершыню згуляюць Францыя ды Бельгія.

Футбол

У найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе сёння салігорскі «Шахцёр» перагуляў на выездзе «Славію» з Мазыра 3:0 і зноў падцягнуўся да лідара – менскага «Дынама» – на адлегласць 2 пункты. Заключны матч 22-га туру – «Іслач» – БАТЭ – будзе згуляны ў панядзелак.

«Баварыя» і апошнім часам апальны лідар яе атакаў Робэрт Левандоўскі ўзнялася на трэцяе месца ў Бундэслізе пасля хатняй перамогі над «Майнцам 05», 4:0, і стала з дзевяццю мячамі самаю выніковаю ў сезоне. У англійскай Прэмʼер-лізе абедзве манчэстэрскія дружыны ўсцяж ідуць параю, набраўшы па 13 пунктаў. А ў серыі А чэмпіянату Італіі тры каманды маюць па роўнай колькасці пунктаў. Па 12 набраных пасля чатырох тураў у «Напалі», «Ювэнтусу» ды «Інтэру».

Формула-1

Брытанец Льюіс Гэмілтан стаў яшчэ бліжэй да таго, каб з экс-чэмпіёна свету па аўтагонках у класе «Формула-1» ператварыцца зноў у дзейнага, цяпер чатырохразовага.

Пілот «Мерседэсу» выгуляў «Гран-Пры Сінгапуру» і ўжо на 28 пунктаў аддаліўся ў заліку пілотаў ад Зэбастян Фэтэля са «Скудэрыі Фэрары», які ў першым жа павароце трапіў у сутыкненне. З трыма выездамі машын бяспекі гонка абмежавалася 58-мю коламі з 61-го запланаванага, а скончылі яе толькі 13 аўтамабіляў з 20. Перамога Гэмілтана стала 60-аю для яго ў карʼеры.