Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Беларуская мужчынская зборная Беларусі даведалася пра сваіх апанентаў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету па баскетболе – 2019. Адпаведна лёсаванню, якое сёння адбылося ў штаб-кватэры ФІБА ў Мюнхене, Круцікаў і кампанія згуляюць у групе А, дзе яе супернікамі будуць каманды Іспаніі, Славеніі ды Чарнагорыі. Стартавыя двубоі кваліфікацыі мы правядзём у гасцях 23-га лістапада супраць славенцаў, а праз тры дні ўдома прымем чарнагорцаў. У наступны раўнд трапяць па тры найлепшыя каманды з васьмі актэтаў.

Хакей

Сталічнае «Дынама» амаль пры поўным аншлагу на «Менск-Арэне» шакавала сваіх заўзятараў у стартавым матчы сёлетняга юбілейнага, дзясятага сезону Кантынентальнай хакейнай лігі. «Зубры» атрымалі добрую аплявуху ад фінскага «Ёкерыту» ў выглядзе паразы з лікам 1:6.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ пры той гульні, што ён паказвае апошнім часам, паспрабуе скокнуць вышэй за галаву і прабіцца ў асноўны раўнд футбольнай Лігі Еўропы. Пасля нічыёй 1:1 на сваім полі тыдзень таму з «Александрыяй» «жоўта-сінія» значна ўскладнілі сваё становішча перад сённяшнім гасцявым матчам у адказ. БАТЭ ў 19-ым туры нацыянальнага першынства нечакана ўдома саступіла «Крумкачам» 2:3, а таму перабывае не ў самым камфортным псіхалагічным стане. Паводле букмекерскіх кантораў, фаварыт у сённяшняй сустрэчы – клуб з Украіны, а абслугоўвае двубой брыгада рэферы з Чэхіі на чале з Міраславам Зэлінкам. Паводле ўкраінскага боку, усе квіткі на гэты матч, а стадыён змяшчае 7 тысячаў гледачоў, былі прададзеныя датэрмінова.

Роварныя гонкі

Рэйсэр каманды «Астана Проў Тым» Аляксей Луцэнка даволі нечакана перамог у пятым этапе шматдзённай роварнай гонкі «Вуэльта». Казахстанец сышоў у адрыў на ўздыме перад фінішам і ў выніку прывёз бліжэйшаму пераследніку Мэргаўі Кудусу з каманды «Дымэншн Дэйта» 42 секунды. Трэці фінішаваў прадстаўнік «Мувістару» іспанец Марк Салер Хімэнэс. Агульную класіфікацыю па-ранейшаму ўзначальвае Крытсафэр Фрум са «Скаю».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: fiba.com