Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Вікторыя Азаранка афіцыйна знялася з апошняга ў сёлетнім сезоне турніру серыі Вялікага шлема «US-Open». Прычына таму – судовыя разбіранні з бацькам іхнага сына Леа, якія працягнуцца як мінімум да кастрычніка. Пасля «Ўімблдану» Вікторыя разышлася са сваім хлопцам, і цяпер яны займаюцца развязаннем некаторых юрыдычных пытанняў, звязаных з апекаю сына. Азаранку ў асноўнай сетцы «мэйджару» заменіць японка Міса Эгуці. У кваліфікацыі гэтых спаборніцтваў выступяць адразу пяцёра беларусаў: Арына Сабаленка, Вера Лапко, Уладзімір Ігнацік, Ілля Івашка ды Ягор Герасімаў.

Хакей

Матчам у Санкт-Пецярбурзе паміж дзейным уладальнікам Кубка Гагарына мясцовым СКА і маскоўскім ЦСКА стартаваў сёлетні сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе. Сустрэча выдалася цікавай і багатай на закінутыя шайбы, а ў выніку вікторыя дасталася мясцоваму клубу, 4:2. Менскае «Дынама», капітанам якога будзе Уладзімір Дзянісаў, свой удзел у новым сезоне распачне трохматчавай хатняй серыяй. Першы двубой супраць фінскага «Ёкерыту» ўжо заўтра на «Менск-арэне».

Футбол

Цікавым і напружаным атрымаўся першы матч сёлетняга сезону англійскай Прэм’ер-лігі ў Манчэстары для мясцовага «Сіці» і «Ньюкаслу», а скончыўся ён нічыйным вынікам 1:1. Гаспадары поля ў стылі свайго настаўніка Хасэпа Гвардыёлы на працягу ўсяго двубою больш валодалі мячом, тэрыторыяй, аднак сапраўдных галявых момантаў стваралі вельмі мала. «Эвертан» пісьменна выбудоўваў абарону, не дапускаючы лідараў «Сіці» на адлегласць прамога ўдару. Лік быў адкрыты на 35-ай хвіліне, і сімвалічна, што другі матч запар за «Эвертан» забівае Уэйн Руні, які перабраўся ў стан «ірысак» з «Манчэстар Юнайтэд» у сёлетнім сезоне. Дарэчы гэты гол стаў для Руні двухсотым у Прэм’ер-лізе. Выратавалі гаспадары сустрэчу толькі на 83-ай хвіліне, калі голам вызначыўся Рахім Стэрлінг, які замяніў у другім тайме Габрыэля Жэзуса.

Аўтагонкі

Каманда каралеўскіх гонак «Фэрары» ды яе пілот Кімі Рэйкёнэн дасягнулі дамовы аб працягу існага кантракту. «Скудэрыя» абмеркавала з рэйсэрам новыя ўмовы тэхнічных і спартовых пагадненняў, на што ён адказаў станоўча ды застанецца ў стайні яшчэ і на наступны сезон. У агульным заліку сёлетняга чэмпіянату свету Кімі на пятым радку, адстаючы ад лідара, свайго напарніка з «Фэрары» Зэбастʼяна Фэтэля, на 86 балаў. Мяркуючы з усяго, у найбліжэйшы час з’явіцца працяг, і абвесцяць ад працягу супрацы з Зэбаст’янам Фэтэлем, але інтрыга ў тым, наколькі працяглы будзе ягоны кантракт – таксама на сезон, як у напарніка, або на некалькі гадоў. Наступны этап Каралеўскіх гонак адбудзецца на трасе ў Спа 27-га жніўня. Менавіта на гэтую дату запланаванае Гран-пры Бельгіі.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: Toby Melville / Reuters / Forum