Аб'ектыў 15.08.2017 Агляд спартовых навінаў


Хакей

Менскае «Дынама» няўдала распачала новы хакейны сезон з навабранцам-трэнерам – канадцам Гордзі Дўаерам. То бок калі лакальна ўдаецца адкрыць лік і нават замацоўваць сваю перавагу, але потым – зацьменне і агульная параза. На ўжо 9-ым з ліку Кубка Латвійскай чыгункі, які разгульваецца з 2009 года ў Рызе, менчукі цярпелі толькі паразы: ад гаспадароў 2:3, пасля выгулянага першага перыяду 2:0, ды ад яраслаўскага «Лакаматыву», у матчы з якім двойчы вялі ў ліку, але саступілі дзве шайбы – 2:4.

Не ведае паразаў у Кубку Беларусі па хакеі новага сезону віцэ-чэмпіён краіны – менскае «Юнацтва». «Мядзведзі», маючы больш за іншых канкурэнтаў колькасць праведзеных матчаў, атрымалі чацвёртую запар перамогу, нанёсшы на сваім лёдзе паразу па-за конкурснай «Црвэне Звэзде» са сталіцы Сербіі Бялграду 6:2.

Тэніс

Яшчэ летась бязмежна шчаслівая беларуская тэнісістка Азаранка сёлета вымушаная адмаўляцца ад другога запар турніру з серыі падрыхтоўчых да Адкрытага чэмпіянату ЗША. І калі ў Стэнфарддзе яна не згуляла праз вірусную інфекцыю, то ў Сінсінэці не паехала ўжо праз сямейныя праблемы. Ці дасць рады яна выступіць на «US OPEN», што стартуе напрыканцы жніўня ў Нью-Ёрку – яшчэ вельмі вялікае пытанне. Не цешаць і іншыя беларускі.

Гандбол

Федэрацыя гандболу Расеі адправіла галоўнага трэнера юніёрскай зборнай краіны, узрост гульцоў якой не вышэйшы за 19 гадоў, Мікалая Чыгарава ў адстаўку і мае намер дамагацца пажыццёвай дыскваліфікацыі. У час матчу групавога турніру чэмпіянату свету супраць Тунісу, які расейцы прагулялі 30:31, скандал з удзелам трэнера адгукнуўся Расейскай Федэрацыі штрафам на 5 тысячаў швейцарскіх франкаў.

Цягам усёй гульні Чыгараў апеляваў у непрывабнай форме судзейскаму століку. Прычым і раней фіксаваліся факты брутальных паводзінаў настаўніка ў выглядзе неаднаразовых зневажанняў афіцыйных асобаў федэрацыі, гульцоў каманды і нават расейскіх заўзятараў. Меліся выпадкі збівання юных. Больш за тое, Федэрацыя гандболу Расеі мае намер звярнуцца ў пракуратуру па факце карупцыі ды прысабечвання заробкаў падначаленых трэнера, якія распісваліся ў пустых бюлетэнях за камандзіровачныя.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: hcdinamo.by

Глядзі таксама
Каментары