Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

16-ты чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы скончыўся ў нядзелю 11-цю фіналамі, што прайшлі ў першай і другой паловах дня. Пераможцамі сталіся прадстаўнікі Францыі, Партугаліі, Кітаю, Харватыі, Паўднёвай Афрыкі, Кеніі, Калумбіі, Катару, ды толькі адзін фінал – жаночая эстафета – дастаўся прадстаўніцам ЗША. Амерыканцы загадзя перамаглі ў неафіцыйным камандным заліку, заваяваўшы роўна 30 медалёў, 10 з якіх – залатыя.

Пляжны футбол

Зборная Беларусі па пляжным футболе паразаю скончыла чацвёрты этап Еўралігі, які яна праводзіла ў паўднёвавугорскім курорце Шыёфак на беразе Балатану. Саступіць давялося экс-чэмпіёнам свету і дзейным уладальнікам Кубка Еўропы – партугальцам, 1:3. Але да гэтага быў поспех у двубоі з Азербайджанам 4:1 і буйны разгром польскай каманды 6:0 з датэрміновым выхадам у Суперфінал, які пройдзе ў італьянскай Тэрачыне з 14-га да 17-га верасня.

Футбол

18-ты тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе скончыўся матчам лідара – «Шахцёра» – з клубам «Менск», які ў туры раней адолеў БАТЭ ў сталіцы. Але што той поспех быў выпадковы – падкрэсліла параза «гараджанаў» у Салігорску, 0:3. Гарнякі зноў аднаасобна ўзначалілі турнірную табліцу, набраўшы 43 пункты – на тры болей, чымся ў менскага «Дынама» і на чатыры – чымся ў БАТЭ. 19-ты тур запланавалі на найбліжэйшыя выходныя. «Шахцёр» згуляе ў Берасці, «Дынама» (Менск) – у Горадні, а БАТЭ прыме «Крумкачоў».

Тэніс

Эліна Світоліна перамагла ў турніры «Роджэрз Кап» у канадскім Манрэалі. Фінальны двубой Світоліна гуляла супраць Каралінэ Вазняцкі з Даніі ды адолела скандынаўку пераканальна, 6:4, 6:0. Гэта чацвёрты тытул сёлета для 22-ухгадовай адэсіткі, і яна зрабілася ўжо чацвёртаю ракеткаю планеты.

Алесь Пуціла,«Белсат», фота: Run Spo / Peter Cziborra / Reuters / Forum