Агляд спартовых навінаў 16.11.2016


Валейбол

Прадказальнаю паразаю валейбалістак «Мянчанкі» скончыўся першы двубой двухматчавага супрацьстаяння ў межах трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Сталічны клуб саступіў на сваёй пляцоўцы ў Палацы спорту тытулаванай камандзе з Турцыі «Экза-Чыбашы« з лікам 1:3.

Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» працягвае ліхаманіць. Пасля пяці запар паразаў «зубры» перамогаю над «Амурам» 3:0, здаецца, пачалі выбірацца з ямы. Аднак у сваім першым матчы выязнога турнэ «бела-блакітныя» зноў саступаюць.

Тэніс

Максім Мірны і Трыт Х’юі прагулялі і другі свой матч парнага разраду групавога этапу на выніковым тэнісным турніры года ў Лондане. Беларуска-філіпінскі дуэт зазнаў паразу ад Івана Додыга (Харватыя) / Марсэлу Мэлу (Бразілія) 5:7, 4:6 і практычна страціў шанцы трапіць у паўфінал спаборніцтваў.