Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

Чарговыя камплекты ўзнагародаў былі разгуляныя ў трэці дзень планетарнага першынства па лёгкай атлетыцы ў Лондане. У бегу на 100 метраў у жанчын з найлепшым вынікам у сезоне перамагла амерыканка Торы Боўі.

У скачках з шастом, таксама сярод прыгожай паловы, не было роўных Екацярыне Стэфанідзі, прадстаўніцы Грэцыі, якая выгуляла Алімпіяду ў Рыа.

Вызначыўся пераможца і ў штурханні ядра сярод мужчынаў. Чэмпіёнам свету стаў Томаш Ўолш з Новай Зеландыі.

Тэніс

Прадстаўнік Нямеччыны Аляксандр Звераў стаў трыумфатарам турніру тэнісістаў прафесіяналаў у Вашынгтоне. Восьмая ракетка свету ў фінальным двубоі быў мацнейшы за паўднёва-афрыканца Кевіна Андэрсана, які ў планетарным спісе толькі на 45-ым радку. Як вынік, Звераў святкаваў вікторыю ў двух сэтах з аднолькавымі 6:4.

Футбол

17-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў эліце прынёс сюрпрыз у выглядзе паразы БАТЭ. Барысаўскі клуб меў тэрытарыяльную і гульнявую перавагу ў гасцях над «Менскам», але ў выніку саступіў. Гол за сталічны клуб з дапамогаю рыкашэту са штрафнога ўдару забіў Дзмітрый Зіновіч. Яшчэ ў адным матчы туру жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» разышлося мірам 1:1 са «Слуцкам».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Adam Nurkiewicz / Forum