Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Вызначыліся ўдзельнікі галоўнага старту на тэнісным турніры ў Вашынгтоне. Спачатку ў першым паўфінале дачыненні высвятлялі Джэк Сок і Кевін Андэрсан. Амерыканец, 19-ая ракетка свету, не адчуў асаблівага супраціву з боку прадстаўніка Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ў планетарным рэйтынгу на 45-ым радку. Першы сэт Сок пакінуў за сабою з лікам 6:3, а ў другой партыі быў мацнейшы, 6:4. Сустрэча працягвалася адну гадзіну і 29 хвілінаў, а за гэты час Джэк здзейсніў два эйсы і пры гэтым дапусціў 5 падвойных памылак. У барацьбе за ганаровы трафей Сок пазмагаецца з прадстаўніком Нямеччыны Аляксандрам Зверавым. Апошні, восьмая ракетка свету, таксама даволі ўпэўнена разабраўся з дзявятым у планетарным спісе японцам Кэем Нісікоры – 6:3, 6:4. Гэты матч працягваўся ўсяго адну гадзіну і 3 хвіліны, а статыстыка Зверава – выканаў 4 эйсы і 2 брэйкі, пры падачы памыліўся толькі аднойчы.

Лёгкая атлетыка

Драматычным фінішам скончыўся забег на 100 метраў на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, што прымае Лондан. Легенда гэтага віду спорту, ямайскі спрынтар Юсэйн Боўлт, які пасля гэтага першынства завершыць сваю прафесійную кар’еру, не здолеў заваяваць золата. Юсэйн крыху затрымаўся на старце, што вылілася толькі ў бронзавы медаль на фінішы – 9 цэлых 95 сотых секунды. Золата заваяваў амерыканец Джастын Ґэтлін, які апярэдзіў ямайца ўсяго на тры сотыя секунды. Для абодвух спартоўцаў гэта найлепшыя вынікі ў сёлетнім сезоне. Срэбра – яшчэ ў аднаго амерыканца, Крыстʼяна Коўлмэна. Ніколі раней Боўлт не прагульваў фінальных забегаў на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях. Для Ґэтліна, які адбываў дыскваліфікацыю двойчы за ўжыванне допінгу, гэтае золата сталася трэцім за кар’еру на планетарным першынстве. Боўлт яшчэ прыме ўдзел у турніры ды прабяжыць адзін з этапаў эстафеты чатыры па 100 метраў.

Беларускі футбол

Трыма матчамі стартаваў 17-ты тур чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе. Па тры забітыя мячы гледачы ўбачылі адразу ў дзвюх сустрэчах. «Крумкачы» наведаліся ў госці да берасцейскага «Дынама», дзе былІ разгромленыя з сухімі 3:0, а дубль на свой рахунак запісаў Арцём Мілеўскі. Свой першы гол у футболцы «бела-блакітных» ён забіў на 24-ай хвіліне, а затым вызначыўся і на 67-ай. Яшчэ адное ўзяцце брамы гасцей на свой рахунак запісаў Арцём Чалядзінскі. У іншым двубоі гэтага туру футбалісты «Віцебску» ўдала з’ездзілі ў госці ў Магілёў, дзе адсвяткавалі вікторыю над мясцовым «Дняпром» 2:1. У прыезджых галамі вызначыліся Шрамчэнка з пенальці і Шкурын, у гасцей адзіны дакладны ўдар выканаў Квашук. Яшчэ адная сустрэча, паміж «Гарадзеяй» і мазырскаю «Славіяй», скончылася са стартавымі нулямі на табло.[16:29] мовазнаўца Наста Козіч:

Гонкі

Дзясятая гонка чэмпіянату свету ў класе «Мота-Джы-Пі – 2017» стартавала ў Брно на мокрым, але ў той жа час падсохлым асфальце. Надворʼе ў Чэхіі было непрадказальнае, і ўжо на прагрэўным коле вымалёўвалася сухая траекторыя, але ніхто адразу не стаў рызыкаваць. Выдатна стартаваў Хорхэ Лёрэнсо. Іспанец завяршыў першае кола на лідарнай пазіцыі, як гэта ўжо здаралася на мінулых этапах. Росі апусціўся на чацвёртае месца, а Давіцʼёзо і Віннялес падняліся на трэці ды пяты радкі, адпаведна. Па выніках гонкі перамогу атрымаў пілот «Хонды» Марк Маркес, другім стаўся ягоны напарнік Дані Пэдроса, а замкнуў першую тройку рэйсэр «Ямахі» Мавэрык Віннялес. Яшчэ адзіны прадстаўнік гэтай каманды, знакаміты Валентыно Россі, фінішаваў толькі чацвёртым.