Агляд спартовых навінаў


Лёгкая атлетыка

Першы камплект узнагародаў разгулялі ў стартавы дзень чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы, што распачаўся ў Лондане. У вечаровай сесіі ўвесь стадыён падтрымліваў свайго суайчынніка, знакамітага Мо Фара. Брытанец першынстваваў на дыстанцыі 10 000 метраў, паказаўшы найлепшы час у сёлетнім сезоне – 26 хвілінаў 49,51 секунды. Для Фара гэта ўжо шостае золата чэмпіянатаў свету ў кар’еры.

Тэніс

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў у Вашынгтоне, прызавы фонд якога сёлета складае $ 1,750 млн. Галоўны тут прэтэндэнт на перамогу, Кэй Нісікоры, у чвэрцьфінальным двубоі сустракаўся з Томі Полам. Японец, дзявятая ракетка свету, толькі ў трох сэтах 3:6, 7:6, 6:4 здолеў даціснуць амерыканца, які ў планетарным рэйтынгу – па-за межамі другое сотні.

Футбол

Французскі футбольны клуб «Пары Сэн-Жэрмэн» працягвае шакаваць усіх на трансферным рынку. Толькі яны паспелі аформіць самы гучны і дарагі трансфер у гісторыі гульні нумар адзін у свеце, аднак на гэтым вырашылі не спыняцца. Катарскія ўладальнікі «ПСЖ» за разрыў кантракта бразільскага нападніка Нэймара з каталонскаю «Барселонай» выдаткавалі рэкордную суму ў памеры 222 млн еўраў, а зарплата гульца складзе 30 мільёнаў у год. А ўжо сёння стала вядома што «ПСЖ» зацікаўлены ў трансферы галкіпера мадрыдскага «Атллетыка» Яна Облака і гатовы заплаціць за яго 100 млн еўраў.