Аб'ектыў 03.08.2017 Агляд спартовых навінаў


Футбол

Барысаўскі БАТЭ пакідае футбольную Лігу чэмпіёнаў. Дружына Ермаковіча ў матчы ў адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнду на «Барысаў-Арэне» паказала добры футбол і перамагла пражскую «Славію» – 2:1. Агульныя лічбы ў супрацьстаянні сталі 2:2, але за кошт голу, забітага ў гасцях, далей крочыць «Славія».


Маскоўскі ЦСКА, якім кіруе былы галоўны трэнер БАТЭ Ігар Ганчарэнка, на гэтай жа стадыі кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў не адчуваў вялікіх цяжкасцяў і ў матчы ў адказ супраць грэцкага АЭКу.

Тэніс

Першая неспадзяванка на тэнісным турніры ў Вашынгтоне: яго корты пакідае Гаэль Манфіс. Француз, 22-я ракетка свету, не змог пераадолець другога кола спаборніцтваў і саступіў індыйцу Юкі Бгамбры 4:6, 6:4, 5:7, які ў планетарным рэйтынгу замыкае толькі другую сотню.

Бокс

Легенда сусветнага боксу Уладзімір Клічко завяршае сваю прафесійную кар’еру. 41-гадовы спартовец на прафесійным рынгу правёў 69 баёў, у якіх атрымаў 64 перамогі (пры гэтым 53 – накаўтам) і зазнаў 5 паразаў. У яго вельмі вялікі паслужны спіс, які ўлучае званні алімпійскага чэмпіёна і чэмпіёна свету ў цяжкай вазе паводле трох версіяў. Апошні раз Клічко змагаўся на рынгу 29-га красавіка – на лонданскім «Ўэмблі». Тады ўкраінец саступіў брытанцу Энтані Джошуа ў 11-м раўндзе тэхнічным накаўтам. У кантракце гэтага бою была пазнака аб правядзенні матчу-рэваншу. Ён быў прызначаны на 11-га лістапада і меўся прайсці ў амерыканскім Лас-Вэгасе, аднак цяпер ужо не адбудзецца.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: slavia.cz

Глядзі таксама
Каментары