Агляд спартовых навінаў


Футбол

«Крумкачы» працягвае ліхаманіць. Пасля таго, як гульцам затрымалі заробак, шэраг футбалістаў прабайкатавалі чарговы матч туру і не паехалі з камандаю ў Віцебск. А цяпер кіраўніцтва каманды пастанавіла вывесці з асноўнага складу Яшына, Іванова і Шыкаўку. Як кажа старшыня ўправы клубу Дзяніс Шунто, гэтыя гульцы трэнуюцца з дублем і не рыхтуюцца да матчу з берасцейскім «Дынама». Тым часам «Крумкачы» ўжо не далічыліся двух гульцоў: каманду пакінуў украінскі абаронца Міхаіл Калугін, які падпісаў кантракт з яшчэ адным клубам нашага найвышэйшага дывізіёну жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ».


Сённяшні вечар для нашага флагмана гульні № 1 у свеце – БАТЭ, стане вырашальным. Ці змогуць барысаўцы падараваць сабе і сваім заўзятарам міжнародную футбольную восень? Аляксандр Ермаковіч і кампанія пры аншлагу на «Барысаў-Арэне» гуляе матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў супраць пражскай «Славіі». Тыдзень таму на полі суперніка мы саступілі з мінімальнымі 0:1. Каб паспрабаваць прабіцца ў плэй-оф самага прэстыжнага клубнага турніру Еўропы ці адразу трапіць на групавую стадыю Лігі Еўропы, БАТЭ неабходная толькі вікторыя. Букмекеры аддаюць перавагу менавіта «Славіі».

Тэніс

Кэй Нісікоры дабраўся да трэцяга раўнду буйнога тэніснага турніру ў Вашынгтоне. Японец, дзясятая ракетка свету, у няпростым трохсэтавым двубоі атрымаў вікторыю 6:3, 4:6, 7:6 над гаспадаром кортаў Доналдам Янгам, які ў планетарным спісе на 58-м радку. У наступным коле супернікам Нісікоры будзе аргентынец Хуан Марцін дэль Потра, які прымусіў адкласці ракетку славака Лукаша Лацку – 7:5, 6:2. Убачым мы ў трэцім коле спаборніцтваў і 19-га ў сусветным рэйтынгу амерыканца Джэка Сока. Ён у другім раўндзе сустракаўся з румынам Мар’юсам Капілем і дамогся вікторыі ў двух сэтах на тайбрэйках.

Аўтагонкі

Пасля Гран-пры Вугоршчыны ў «Формуле 1», пераможцам якога стаў Зэбаст’ян Фэтэль, каманды вярнуліся на трасу Хунгарарынг для другіх афіцыйных тэстаў сезону – першыя прайшлі ў сярэдзіне красавіка ў Бахрэйне. Пасля першага дня тэстаў лідаруе Шарль Леклер на «Фэрары». Наступны этап чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формулы 1» Гран-пры Бельгіі запланаваны на 27-га жніўня і адбудзецца на трасе ў Спа.

Фота: krumka.by