Агляд спартовых навінаў 14.07.2016


Футбол

Другі дзень другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў УЕФА стаўся яшчэ болей баявітым, чым аўторак. Дастаткова згадаць драматычны двубой паміж славенскаю «Алімпіяй» у яе Любляне ды прадстаўнікамі прамысловага гораду на захадзе Славаччыны – футбалістамі з Трэнчына. Славакі вялі 4:0 яшчэ ў першым тайме, але Трэнчынцы выратаваць двубой не далі рады і саступілі 3:4.

Калектывы са сталіцаў Літвы і Казахстану – віленскі «Жальгірыс» ды «Астана» – не адолелі брамаў адзін аднога. У Скандынавіі нарвежскі «Русэнборг» выгадаў камфортную перавагу ў двубоі са шведскім «Норшэпінгам» – 3:1. Балгарскі «Лудагорац» нанёс паразу клубу «Младаст» з чарнагорскай Падгорыцы, 2:0. «Крусэйдэрз» з Паўночнай Ірландыі быў біты дацкім ««Кёбэнгаўнам». «Партызані» з Албаніі закончылі двубой ганароваю нічыёй з вугорскім «Фэрэнцварашам», 1:1. І яшчэ «Дандок» з Ірландыі з тым жа лікам завершыў сустрэчу супраць ісландскага «Гафнарф’Ёрдуру».

Майстар-клас ад Аліны Талай

Беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай правяла ў беларускай сталіцы майстар-клас для ўсіх ахвотных. Пры гэтым нашая наймацнейшая спрынтарка падкрэсліла, што лічыць важным папулярызаваць бег сярод людзей розных узростаў. А шэраг дабрачынных акцыяў, у якіх яна брала ўдзел, накіраваныя, паводле дзяўчыны, у тым ліку і на зацікаўленне здаровым ладам жыцця як мага большай колькасці беларусаў.

«Ведаеце, мне заўсёды прыемна размаўляць з людзьмі ды паказваць ім нешта з лёгкай атлетыкі. Прыемна, што людзі прыходзяць, бегаюць. І атрымліваю асалоду ад таго, што размаўляю з заўзятарамі, праводжу з імі час», – падзялілася ўражаннямі Аліна Талай.

Баскетбол

Баскетбольная зорка Кевін Д’юрант, які не надта даўно абвесціў пра пераход з «Аклагомы Сіці Тандэр» у «Гоўлдэн Стэйт Ўор’ярз», закончыў у чацвер, 14 ліпеня, свой візіт у Гон-Конг. Тут ён прысутнічаў на выставе, дзе дэманструюцца дызайнерскія варыяцыі спартовага абутку, названыя імем спартоўца. Праўда, наконт пераходу ў новы клуб спартовец не распаўсюджваўся. «Гоўлдэн Стэйт», нагадаем, стаў чэмпіёнам у 2015 годзе, але сёлета драматычна прагуляў фінал «Кліўлэнду». Пры тым што «воіны» мелі рэкорд з 73-х перамог у 82-х гульнях рэгулярнага сезону.

Фота laola1.tv