Агляд спартовых навінаў 13.04.2016


Тэніс

Максім Мірны і Трыт Г’юі дакрочылі да чвэрцьфіналу тэніснага турніру серыі «Мастэрз» ў Монтэ-Карла. У 1/8 парнага разраду беларуска-філіпінскі тандэм перамог палякаў Лукаша Кубата і Марціна Маткоўскага 7:6, 6:3. У адзіночным разрадзе гэтых жа спаборніцтваў – першая сенсацыя. Лідар сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч не змог пераадолець нават другога кола, зазнаўшы паразу ад чэха І́ржы Вэсэлы 4:6, 6:2, 4:6.

Футбол

Тры мячы Крыштыяну Раналду ў чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў зрабілі сваю справу. Мадрыдцы зʼядналіся пасля паразы ў Нямеччыне ад «Вольфсбургу» 0:2 і на «Сант’яга Бэрнабэў» накаўтавалі апанента.

Астатнія два паўфіналісты Лігі чэмпіёнаў вызначацца сёння ўвечары. «Баварыя» пасля перамогі на «Альянц-арэне» 1:0 над «Бэнфікай» у Партугаліі паспрабуе замацаваць сваю перавагу.

Муай-тай

Сусветную зорку муай-тай, дзесяціразовага чэмпіёна свету Віталя Гуркова не ўлучылі ў спіс байцоў, якія зарэпрэзентуюць Беларусь на сусветным першынстве, што стартуе 19-га траўня ў Швецыі. Прычына – адсутнасць на яго грошай. Паводле Віталя, праблемы ў яго зʼявіліся, калі ён пачаў выступаць у складзе гурта «Brutto». Са згоды бакоў скасавалі ягоны кантракт з Міністэрствам спорту. Адпаведна, знік і заробак. На сайце «talaka.by» пачаўся збор грошай на паездку Гуркова – ў Швецыю, куды ўжо пералічылі больш за 21 мільён рублёў. Калі ваяж на чэмпіянат ўсё ж аплоціць дзяржава, грошы пойдуць на дабрачынныя мэты.