Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Дзве беларускія тэнісісткі пераадолелі першае кола адзіночнага разраду «Ўімблдану». Вікторыя Азаранка хоць і саступала 0:4 у першым сэце амерыканцы Кэтрын Бэліс, здолела сабрацца, і ў выніку – перамагла 3:6, 6:2, 6:1. У 1/32 фіналу суперніцаю Вікі будзе 16-я ракетка свету Елена Весніна.

Першы дзень спаборніцтваў на кортах Усеанглійскі клуб лон-тэнісу – і першая сенсацыя ў мужчынскім адзіночным разрадзе. Нечакана стартавае кола сталася непераадольнае для трэцяй ракеткі свету Стэна Ваўрынкі. Швейцарац зазнаў паразу 4:6, 6:3, 4:6, 1:6 ад расейскага тэнісіста Данііла Мядзведзева.

Футбол

Са стартавымі нулямі на табло закончылася апошняя сустрэча 15-га туру чэмпіянату краіны па футболе ў Найвышэйшай лізе. Гэты матч падвёў рысу першага кола першынства, у якім адбудзецца трохтыднёвы перапынак. Лідар табліцы, салігорскі «Шахцёр», на сваім полі сустракаўся з гарадзенскім «Нёмнам». Гульня праходзіла ў даволі хуткім тэмпе, шанцы вызначыцца мелі футбалісты абедзвюх камандаў, аднак у завяршальнай стадыі атак ім не хапала дакладнасці пры ўдары. У выніку – нічыя 0:0

Баскетбол

Баскетбалісткі нашай нацыянальнай каманды сёння даведаліся, з кім пазмагаюцца ў адборачным турніры да першынства Еўропы – 2019. Адпаведна лёсаванню мы згуляем у групе Б разам са зборнымі Польшчы, Турцыі ды Эстоніі. Стартуе дружына Наталлі Трафімавай 11-га лістапада, калі на выездзе правядзе двубой з польскімі баскетбалісткамі.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Toby Melville / Reuters / Forum