Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова датэрмінова заваяваў пуцёўку ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Упершыню ў гісторыі клубу каманда дасягае такога выніку другі раз запар.

Тэніс

14-ая ракетка свету Жо-Вільфрыд Цонга стаўся пераможцам буйнога турніру асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў, які скончыўся ў Нідэрландах. На кортах Ротэрдаму ў фінальным матчы француз нанёс паразу, 4:6, 6:4, 6:1, бельгійцу Давіду Гафэну, які займае ў планетарным рэйтынгу 11-ты радок.

Хакей

Шэраг двубояў адбыўся ў чарговым туры Нацыянальнай хакейнай лігі, два з якіх скончыліся ў оўвэртаймах. «Каларада» на сваім лёдзе саступіла «Тампа-Бэй 2:3. «Бостан» удала зʼездзіў у госці да «Сан-Хасэ» і нанёс там паразу 2:1.

Баскетбол

Менскіх баскетбольных «Цмокаў» пакідае цэнтравы Джорджэ Гагіч. Сёння стала вядома, што дзейны кантракт скасавалі на згоду бакоў. Паводле Юрыя Шаколы, генеральнага дырэктара клубу, Гагіч атрымаў выгадную прапанову з Еўропы, таму пастанавілі не ўтрымліваць яго. Аднак усіх картаў пакуль раскрываць не стаў. Джорджэ прыйшоў у клуб улетку 2016-га і правёў за «Цмокаў» ва ўсіх турнірах 27 матчаў, набіраючы ў сярэднім па 12 балаў.

Фота: vk.com/bgk_meshkova