Агляд спартовых навінаў 12.09.2016


Хакей

У сталіцы Фінляндыі Хельсінкі апоўдні паводле сярэднееўрапейскага часу адбылося лёсаванне раўнду плэй-оф Лігі чэмпіёнаў Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбаю. У ім упершыню ўзяў удзел чэмпіён Беларусі – сталічнае «Юнацтва». Заняўшы ў пуле (L) другое месца, менчукі страцілі перавагу свайго лёду ў 1/16-й фіналу. Ды яшчэ атрымалі такое лёсаванне, каментары аб якім залішнія.

У супернікі беларускім «мядзведзям» дастаўся фіналіст турніру Лігі Чэмпіёнаў 2015 года і пераможца плэй-оф -2016, чатырохразовы чэмпіён Швецыі – «Фрэлюнда Індыянз». Першы матч адбудзецца на «Чыжоўка-Арэне» у Менску – 4 кастрычніка, гульня ў адказ – 11 кастрычніка ў Ётэборгу. Паводле галоўнага асістэнта «індзейцаў» Пэра Югансана, гэта будуць вельмі вясёлыя і цікавыя сустрэчы. Бо «ФрЭлюнда» ніколі не гуляла ў Беларусі раней і нічога не ведае як пра суперніка наагул, так і пра яго канкурэнтаздольнасць. Пераможца гэтага процістаяння ў 1/8-й згуляе супраць наймацнейшага ў пары «Цуг» (Швейцарыя) – «Айсбэрэн Бэрлін» (Нямеччына).

Паралімпіяда

За першыя чатыры дні пятнаццатай Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра вялікага поспеху дасягнуў Кітай. У адрозненне ад Алімпійскіх Гульняў, на працягу якіх бездакорна дамінавалі ЗША, кітайцы не адразу, але на сённяшні дзень пераканальна захапілі лідарства ў неафіцыйным медальным заліку.

У азіяцкіх атлетаў – 41 залаты медаль і ўжо 98 агулам. 25 першых месцаў і 58 пʼедэсталаў у Вялікай Брытаніі, а трэція – таксама пераканальна, прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі з 19-цю першымі месцамі і 52-ма ўзнагародамі разам. Беларусь зрабілася ўладальніцаю чатырох медалёў, тры з якіх на рахунку плыўца Ігара Бокага. На дыстанцыях 100 метраў батэрфляем і 200 метраў комплексным плаваннем у бабруйца залатыя ўзнагароды, пасля чаго Ігар стаўся сяміразовым чэмпіёнам Паралімпіядаў. А ў плаванні на 100 метраў брасам Бокі заняў трэцяе месца. Яшчэ адна бронза на рахунку кідальніка дзіды – Аляксандра Трыпуця. У Беларусі 24-е месца ў неафіцыйным медальным заліку.

Лесарубства

Найлепшыя ў свеце працаўнікі лясной гаспадаркі сабраліся ў маляўнічым польскім горадзе Вісла, дзе цягам чатырох дзён спаборнічалі ў чэмпіянаце свету. У 32-м планетарным першынстве выступалі 113 удзельнікаў з 28-мі краінаў. А агульную перамогу святкаваў беларус, ляснік Вялейскага лясгаса Валерый Дуровіч, які станавіўся найлепшым у чатырох відах праграмы.

Хакей: «Дынама-Менск»

Менскае «Дынама», атрымаўшы першую перамогу ў новым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі над уфімскім «Салаватам Юлаевым», згуляла ў панядзелак яшчэ адзін выязны матч. Беларуская дружына Ізноў перамагла ў асноўны час, нанёсшы паразу «Трактару» ў Чэлябінску з лікам 3:2, хаця двойчы саступала ў ліку. 6 пунктаў у трох матчах. для пачатку! І ўжо на наступны дзень, 13 верасня, чарговы двубой – у Магнітагорску супраць мясцовага «Металургу».

Фота – blog.pridybaylo.by